Герцагіня Кембрыджская выйграла суд наконт яе фота з аголенымі грудзьмі
Герцаг і герцагіня Кембрыджскія выйгралі судовую справу супраць часопіса Closer, які ў верасні 2012 года апублікаваў фатаграфіі Кейт з аголенымі грудзьмі. Суд, які прайшоў у Францыі, пастанавіў, што фатаграфіі, зробленыя падчас адпачынку ў Правансе, сталі умяшаннем у прыватнае жыццё, перадае Бі-Бі-Сі.
Паводле прысуду, выданне мусіць выплаціць кампенсацыю за прычыненую шкоду 100 тысяч еўра — па 50 тысяч прынцу Уільяму і яго жонцы Кейт. Таксама суд аштрафаваў супрацоўнікаў часопіса Closer больш чым на 100 тысяч еўра — гэта максімальна магчымая сума штрафу.
Таксама суддзя вырашыла, што газета La Provence мусіць выплаціць кампенсацыю ў 3000 еўра за публікацыю фатаграфій герцагіні ў купальным касцюме.
У верасні 2012 года французскі таблоід Closer і газета La Provence апублікавалі здымкі, на якіх герцагіня Кембрыджская паказаная з аголенымі грудзьмі каля басейна. Фотаздымкі былі зробленыя падчас адпачынку герцага і герцагіні Кембрыджскіх ў замку ў Францыі ў гасцях у стрыечнага дзядзькі Уільяма лорда Лінлі.
Публікацыя здымкаў выклікала масавае абурэнне ў Брытаніі. Каралеўская сям'я падала ў суд.