Германія асудзіла 97-гадовую нацысцкую машыністку за саўдзел у 10 тыс забойствах
На гэтым месцы знаходзіўся канцлагер у Штуттхофе / Wisnia6522.
Экс-сакратарку нацысцкага канцлагера асудзілі за саўдзел у забойстве больш за 10 тысяч чалавек, піша ВВС. Калі ёй было 18 гадоў, яна ўладкавалася ў лагер сакратаркай і працавала там да 1945 года. Цяпер жанчыне 97 гадоў, суд прысудзіў ёй 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна.
Лічыцца, што ў Штуттхофе загінулі каля 65 тысяч чалавек, сярод іх яўрэі, палякі і палонныя савецкія салдаты. З чэрвеня 1944 года тысячы людзей там памерлі ў газавых камерах. Адвакаты жанчыны адзначалі, што яна была адной з некалькіх машыністак і магла не ведаць аб усім, што адбывалася ў Штуттхофе.
Гэта першая жанчына, якую судзілі за нацысцкія злачынствы за апошнія дзесяць гадоў. Нягледзячы на тое, што яна была сакратаром, суд вырашыў, што жанчына была дасведчаная аб тым, што адбываецца ў лагеры. Паколькі на момант працы ў лагеры ёй было ўсяго 18-19 гадоў, яе судзілі ў спецыяльным судзе па справах непаўналетніх.
“Я шкадую аб усім, што адбылося. Я шкадую, што была ў Штуттхофе ў той час", — сказала на судзе абвінавачаная.
Судовы працэс пачаўся ў 2021 годзе. Тады абвінавачаная збегла з дому састарэлых, яе знайшлі на вуліцы ў Гамбургу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.