Гібель экс-амбасадара Сідарэнкі абмеркавалі ў АБСЕ

Дзяніс Сідарэнка

Дзяніс Сідарэнка / амбасада Беларусі ў Германіі

Дзяніс Сідарэнка, экс-амбасадар Беларусі ў Германіі, "загінуў пры няясных і вельмі трывожных абставінах" 23 чэрвеня. Пра гэта на пасяджэнні пастаяннага савета АБСЕ 5 ліпеня заявіла часовая павераная ў справах ЗША пры АБСЕ Катрын Брукер.

Яна згадала, як працавала з Сідарэнкам у Вене на пачатку 2000-х гадоў. калі ён быў у складзе беларускай пастаяннай дэлегацыі пры АБСЕ. Брукер назвала беларускага дыпламата "надзвычай яркім, добрым чалавекам, таленавітым лінгвістам і вельмі адданым і эфектыўным прадстаўніком сваёй краіны — тады таксама ў складаных абставінах".

Яна згадала інфармацыю, апублікаваную ў СМІ, што Сідарэнка забіў сябе пасля інтэнсіўных допытаў і праверкі на дэтэктары хлусні, праведзенай беларускім КДБ пасля яго вяртання ў Мінск. "Паводле некаторых даных, на яго целе былі выяўленыя сляды катаванняў", — заявіла Брукер.

Яна прапанавала калегам знайсці зручны спосаб уўанаваць памяць пра Сідарэнку. "Магчыма, мы ніколі не даведаемся сапраўдных абставінаў смерці Дзяніса, але адно можна сказаць напэўна: Дзяніса Сідарэнку забралі ў нас занадта рана", — дадала дыпламат.

Пра смерць Сідарэнкі стала вядома 26 чэрвеня. Спярша гаварылася пра сардэчны прыступ дыпламата, які перад тым восем гадоў працаваў амбасадарам Беларусі ў Германіі. Пазней у СМІ з'явіліся версіі, што Сідарэнка пакончыў жыццё самагубствам у выніку ціску з боку КДБ. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі