“Гісторыка-турыстычны” комплекс на месцы завода: як хочуць змяніць цэнтр Пінска
У гістарычным цэнтры Пінска намячаецца вялікая будоўля. Паводле апублікаванага 13 траўня праекта дэталёвага планавання, улады плануюць знесці там прыватны сектар. На мове чыноўнікаў гэта называецца “рэгенерацыя”.
Да гістарычнага цэнтра “сталіцы Палесся” аднесены вялікі кавалак тэрыторыі ўздоўж ракі Піны. Тэрыторыю ў межах вуліц Чуклая — Дзяржынскага — 8 сакавіка — Гогаля — Сацыялістычная — Карла Маркса — Іркуцка-Пінскай дывізіі займае 280,6 га. Праекціроўшчыкі збіраюцца:
— вынесці з цэнтра горада шэраг вытворчасцей, складоў і камунальных пляцовак;
— знесці прыватны сектар і збудаваць на яго месцы новае жыллё;
— сфармаваць ансамблі забудовы вуліц і выбудаваць сістэму плошчаў;
— на першых паверхах жылых дамоў замяніць канторскія ўстановы на грамадскія і дзелавыя — верагодна, крамы, кавярні, аптэкі, банкі і офісы;
— узмацніць ролю водна-зялёнага дыяметра Піны, разбіць на правым беразе ракі парк.
Вось што яшчэ цікавага мы ўбачылі ў ПДП:
Месца для касцёла Святога Станіслава
Гістарычны цэнтр Пінска чакае рэстаўрацыя фасадаў будынкаў, іх рэканструкцыя з прывядзеннем — па магчымасці — да адзінага стылю, завяршэнне ансамбляў забудовы новымі будынкамі, аднаўленне страчаных будынкаў, знос дваровых хлявоў.
Першы этап рэалізацыі праекта — да 2025 года. Не дапускаецца ўвод жылля без адначасовага ўводу аб’ектаў сацыяльнага абслугоўвання. Асобна варта адзначыць забарону на будаўніцтва панэльных дамоў у межах гістарычнага ядра Пінска.
Таксама ў праекце рэзервуюцца тэрыторыі пад магчымае аднаўленне гістарычных славутасцей. Перадусім — касцёла Святога Станіслава і царквы ў раёне вуліцы Чайкоўскага.
Кафедральны касцёл Святога Станіслава збудаваны ў сярэдзіне XVII стагоддзя як частка езуіцкага калегіума. Храм у стылі віленскага барока па чарзе належаў каталікам, уніятам, базіліянам, праваслаўным і зноў каталікам. У 1953 годзе будынак узарвалі падчас паваеннай рэканструкцыі Пінска.
Пешаходныя вуліцы, веладарожкі, тунэль
У цэнтры Пінска плануецца размясціць забаўляльны комплекс (кавярні, СПА-цэнтр, фітнес-цэнтр, кінатэатр, каворкінг), гасцініцу і крытыя тэнісныя корты. Плыні пешаходаў і транспарту праекціроўшчыкі хочуць падзяліць, стварыўшы сетку пешаходных вуліц і веладарожак і больш актыўна выкарыстоўваючы прасторы паміж кварталамі.
У праекце запланаванае завяршэнне рэканструкцыі моста праз Піну (створ вуліц Першамайскай — Бялова — Столінскай) і пракладанне тунэля на скрыжаванні вуліцы Першамайскай з чыгункай Брэст — Гомель.
“Гісторыка-турыстычны” комплекс
На месцы судабудаўніча-сударамонтнага завода праектам прадугледжанае “фарміраванне інтэрактыўнага гісторыка-турыстычнага комплекса”. Што гістарычнага можа паўстаць на тэрыторыі, якую цяпер займае завод, у ПДП не тлумачыцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.