Гісторыя галоўнага кавід-дысідэнта планеты: калі прэзідэнт супраць вакцынацыі

У Бразіліі ад каранавіруса памерла больш за 600 тысяч чалавек / pixabay
У Бразіліі ад каранавіруса памерла больш за 600 тысяч чалавек / pixabay

Прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару атрымаў Шнобелеўскую прэмію міру праз сваё стаўленне да кавіду.

Прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару не выключае, што вакцыны ад каранавіруса могуць правакаваць ВІЧ.

Усё гэта можа здавацца пацешным, пакуль мы не падзелімся з вамі трэцім фактам. З пачатку пандэміі каранавіруса ў Бразіліі, якой запраўляе кавід-дысідэнт Балсанару, памерла больш за 607 тысяч чалавек. Паказчыкі смяротнасці вышэйшыя толькі ў ЗША.

 

І вось ужо адыёзны прэзідэнт Балсанару больш не здаецца пацешным

Цяпер Балсанару абвінавачваюць у злачынствах супраць чалавечнасці

Бразільскаму Сенату прэзідэнт таксама не здаецца пацешным. Шэсць месяцаў доўжылася расследаванне дзеянняў урада ў адказ на пандэмію. У выніку на суд спецыяльнай камісіі, якая складаецца з 11 сенатараў, прадставілі даклад больш чым на тысячу старонак.

История главного ковид-диссидента планеты: когда президент против вакцинации
Жаір Балсанару / Senado Federal

Урад Балсанару абвінавачваюць у тым, што ён дапусціў распаўсюджванне каранавіруса па краіне ў беспаспяховай спробе дамагчыся калектыўнага імунітэту.

Аўтары даклада заклікаюць прад'явіць абвінавачанні дзвюм кампаніям і 78 фізічным асобам, уключаючы Балсанару, і ўскласці на іх адказнасць за выкліканы пандэміяй крызіс. І хоць "абвінавачваных" у справаздачы шмат, пачуццяў Балсанару ніхто шкадаваць не стаў.

Асабіста прэзідэнту прапануецца выставіць абвінавачанні ў дзевяці злачынствах, уключаючы шарлатанства, падбухторванне да злачынства і злачынства супраць чалавечнасці.

Балсанару лічыць і расследаванне камісіі, і выніковую справаздачу палітычна матываванымі. Але 7 з 11 сенатараў так не лічаць. Так што дакумент паспяхова прайшоў праз галасаванне і адправіўся ў Генпракуратуру.

Цяпер у генпракурора ёсць 30 дзён, каб вывучыць гэты шматстаронкавы даклад. Зрэшты, мала хто чакае, што Балсанару ў выніку будуць прад'яўлены рэальныя абвінавачанні: генпракурор лічыцца яго хаўруснікам.

Але нічога, камісія яшчэ можа адправіць копію справаздачы ў Гаагу.

 

Што ж такога нарабіў Балсанару?

Летась прэзідэнт атрымаў Шнобелеўскую прэмію міру. Шнобелеўскі камітэт ацаніў яго ўпартасць у спробе даказаць свету, што палітыкі "маюць большы ўплыў на жыццё і смерць, чым навукоўцы і лекары". Балсанару атрымаў прэмію не адзін. Сярод лаўрэатаў тады былі Дональд Трамп, Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Борыс Джонсан, Рэджэп Таіп Эрдаган, мексіканскі лідар Андрэс Мануэль Лопэс Абрадор і прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў.

История главного ковид-диссидента планеты: когда президент против вакцинации
Каранавірус у Бразіліі / МВФ

Мяркуючы па справаздачы, урад Балсанару не жадаў ужываць санітарныя меры, у тым ліку не заклікаў людзей выконваць сацыяльную дыстанцыю або насіць маскі. Метады барацьбы з каранавірусам зводзіліся да лекаў, эфектыўнасць якіх не даказаная.

Адна з асноўных высноў справаздачы — бразільскі ўрад палічыў за лепшае дзейнічаць "неразважным чынам у барацьбе з пандэміяй" і свядома падвёў насельніцтва пад "канкрэтную рызыку масавага заражэння".

 

Вельмі ўпарты прэзідэнт

Нішто не можа пераканаць Балсанару прышчапіцца. Ні велізарная смяротнасць у яго ж уласнай краіне, ні грамадская думка.

Сёлета Балсанару давялося зрабіць выгляд, што ён фанат вулічнай ежы. Прэзідэнт прыехаў на саміт Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку, але прышчапіцца ад каранавіруса не захацеў. А ўлады Нью-Ёрка не захацелі рабіць выключэнне для высокапастаўленага кавід-дысідэнта: уваход ва ўстановы адкрыты толькі для прышчэпленых. Астатнія могуць узяць ежу з сабой.

І калі адзін раз опцыя "на вынас" спрацавала, то другім разам адзін бразільскі рэстаранчык злітаваўся над Балсанару. Спецыяльна для яго шырмай адгарадзілі прастору на вуліцы, каб ён мог спакойна паабедаць.

Міністры Балсанару з піцай на вуліцах Нью-Ёрка

Але наогул не трэба было ехаць у Нью-Ёрк, каб зразумець, што адбываецца ў цябе дома. А дома, у Сан-Паўлу, людзі арганізоўваюць мемарыял развітання з ахвярамі каранавіруса. Мемарыял складаецца з 38 тысяч флюгераў — па адным у гонар кожнага чалавека, чые жыцці забраў каранавірус. Людзі збіраюцца, каб разам перажыць страту блізкіх. Бо каранавірус не даў ім нават развітацца.
 

Бразільскі Трамп

А ў 2018 годзе, у дні перадвыбарнай кампаніі, Балсанару быў на самай справе папулярны ў Бразіліі. Калі яго абралі на прэзідэнцкую пасаду, ён неаднойчы казаў, што раўняецца на іншага адыёзнага прэзідэнта з заходняга паўшар'я — Дональда Трампа. Уласна, гэта менавіта Балсанару ў свой час далі мянушку "бразільскі Трамп".

Зрэшты, з агульнага ў Балсанару і Трампа цяпер не толькі стаўленне да каранавіруса, але і складаныя адносіны з сацсеткамі. Калі днямі бразільскі прэзідэнт у часе анлайн-трансляцыі сказаў, што прышчэпкі ад каранавіруса могуць правакаваць ВІЧ, спаслаўшыся на нейкія брытанскія звесткі, сацсеткі не вытрымалі.

Фэйсбук і інстаграм выдалілі гэта відэа. Ютуб зрабіў тое самае — цяпер Балсанару не зможа публікаваць там відэа на сваім канале яшчэ тыдзень.

Хочацца нагадаць усім кавід-дысідэнтам, якіх блакуюць у сацсетках, чым скончылася прэзідэнцтва Дональда Трампа. Спойлер: нічым добрым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі