Гомельская міліцыя падстрэліла "выратавальніка Сусвету" пад кайфам (відэа)
Пад уздзеяннем наркотыкаў 31-гадовы гамяльчук уявіў сябе супергероем з фільма "Зялёны ліхтар" і адправіўся ратаваць Сусвет з нажом у руках.
31-гадовага гамельчука затрымалі на тэрыторыі аднаго з праваслаўных храмаў горада. Мужчына бегаў з нажом у адной руцэ і уключаным ліхтаром у другой, перадае interfax.by.
Міліцыянтаў выклікала прыхаджанка храма. На патрабаванне праваахоўнікаў здаць зброю, гамяльчук адрэагаваў агрэсіўна. Пра падрабязнасці распавёў міліцыянт-кіроўца Чыгуначнага аддзела Гомельскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Уладзімір Васькоў:
Васькоў: "Цёмна было, падышоў мужчына, адзенне ў яго было незразумелае — быццам у прасціну укручаны. Ён свяціў ліхтарыкам мне проста ў твар і чытаў нейкія заклінанні".
Выявілася, што мужчына пад уздзеяннем наркотыкаў укруціўся ў покрыва і ўявіў сябе кінагероем з фільма Марціна Кэмпбэла "Зялёны ліхтар". Пасля гэтага ён пайшоў "ратаваць Сусвет" ад злачынцаў.
Міліцыянтаў ён прыняў за ворагаў і пабег на іх з нажом. Паведамляецца, што праваахоўнікі зрабілі некалькі папераджальных стрэлаў у паветра, а потым — у мужчыну. Яго паранілі ў нагу і шпіталізавалі.
Цяпер на гамельчука пачалі крымінальную справу за пагрозу міліцыянтам. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.