Гомельскі бяздомны ледзь не стаў прычынай сутыкнення цягнікоў

Гомельскі бяздомны ледзь не стаў прычынай сутыкнення цягнікоў

Трагічнае здарэнне ледзь не адбылося на станцыі Гомель-Паўночны. Як піша газета "СБ — Беларусь сегодня", дзяжурны па станцыі выявіў, што на адным з участкаў не дзейнічае стрэлка пераводу шляхоў. Гэта пагражала тым, што цягнікі пойдуць па незапланаваных шляхах і сутыкнуцца з іншымі саставамі.
 
Рамонтнікі, якія прыбылі на месца здарэння, выявілі, што ў пяці месцах на ўчастку прыкладна ў 25 м няма злучальных дратоў, якія забяспечваюць працу стрэлкі пераводу рэек. Драты, пакрытыя меддзю, нехта зняў, каб здаць як каляровы метал і на гэтым зарабіць.

Рамонтнікі аднавілі драты, а міліцыянты сталі шукаць зламысніка. Яны выйшлі на 33-гадовага мужчыну, які пражывае на сметніку непадалёк. Ён прызнаўся, што зняў драты з чыгункі. Але ў пункце другаснай сыравіны яго здабычу прыняць адмовіліся, бо самі драты не былі меднымі. Таму бяздомны проста выкінуў скрадзеныя драты.

Нанесеную ім матэрыяльную шкоду ацанілі каля 2 млн рублёў. На мужчыну пачалі крымінальную справу за крадзеж маёмасці паўторна. Як паведаміў гомельскі транспартны пракурор Сяргей Казакевіч, раней мужчыну судзілі за крадзеж каляровых металаў. Цяпер ён можа трапіць у калонію на чатыры гады.

Фота: сацсеткі

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі