Гомельскіх журналістаў зачынілі ў інтэрнаце, яго супрацоўнікі выклікалі міліцыю

Гомельскіх журналістаў зачынілі ў інтэрнаце, яго супрацоўнікі выклікалі міліцыю

Гомельскіх журналістаў Кастуся Жукоўскага і Наталлю Крывашэй зачынілі ў інтэрнаце. Яны прыйшлі туды, каб праверыць інфармацыю аб умовах пражывання, на якія скардзілася адна з жыхарак.

Пасля прад’яўлення дакументаў на вахце журналістаў прапусцілі. Яны сустрэліся з жанчынай, якая жадала агалоскі праблем. Каб узяць у машыне акумулятар для фотакамеры, Жукоўскі спусціўся ўніз:

Жукоўскі: “Спусціўся, прышоў на вахту. Жанчына прама перада мной некаму крычыць: “Замыкай дзверы, нікога не выпускаць! Куды вы зайшлі, куды вы прыйшлі, дзе вашыя дакументы?” Я папрасіў яе патлумачыць, на якой падставе яна мяне не выпускае”.

Жанчына праігнаравала патрабаванні журналіста. Замест гэтага яна патэлефанавала свайму кіраўніцтву, а потым выклікала міліцыю. Жукоўскі таксама патэлефанаваў у міліцыю і растлумачыў сітуацыю.

Жукоўскі: “Нас не выпускалі з інтэрната і тады, калі прыехала міліцыя. Наталля Крывашэй хадзіла пад канвоем па батарэйку для фотаапарата. Нас выпусцілі толькі тады, калі я і Наталля напісалі заявы за незаконнае абмежаванне свабоды з боку супрацоўнікаў інтэрната. Прыехала ўсё кіраўніцтва гэтага інтэрната. У прысутнасці міліцыянтаў супрацоўнікі лаяліся матам, паводзілі сябе неадэкватна".

Супрацоўнікі міліцыі, наадварот, паводзілі сябе з журналістамі збольшага карэктна, спрабавалі разабрацца ў сітуацыі. Жукоўскі звязвае гэты інцыдэнт з набліжэннем выбараў.

Пазней у лістах з аддзела ўнутраных спраў Савецкага раёна Гомеля журналістам паведамілі, што справа аб адміністрацыйных правапарушэннях супраць вахцёра і загадчыцы інтэрната спыненая.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі