Крымінальныя справы пачалі на 15 журналістаў беларускай службы Радыё Свабода

Радыё Свабода / rferl.org
У 2024 годзе крымінальныя справы завочна пачалі на "паўтара дзясятка журналістаў беларускай службы Радыё Свабода". Пра гэта ў сюжэце на ютуб-канале рэдакцыі расказаў журналіст Дзмітрый Гурневіч, заўважыла выданне "Позірк".
Сваякі супрацоўнікаў сутыкнуліся з ператрусамі і допытамі. Іншыя падрабязнасці не агучваліся.
Беларуская служба Радыё Свабода пасля падзеяў 2020 года цалкам працуе з-за мяжы, офісы рэдакцыі размяшчаюцца ў Празе (Чэхія) і Вільні (Літва). Рэжым Лукашэнкі прызнаў рэдакцыю "экстрэмісцкім фармаваннем".
Праз крымінальныя тэрміны прайшлі журналісты РС Алег Груздзіловіч і Андрэй Кузнечык. За кратамі і ў статусе палітвязняў застаюцца звязаныя з гэтым СМІ Ігар Карней і Ігар Лосік. Журналіст РС Юрый Дракахруст, як стала вядома некалькі дзён таму, абвешчаны ў вышук у Расійскай Федэрацыі.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 20 сакавіка ў Беларусі ў няволі знаходзяцца 40 журналістаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.