У Беларусі сілавікі завезлі расійскага коміка ў лес і катавалі электрашокерам

Арцемій Астанін пасля паездкі ў Беларусь

Арцемій Астанін пасля паездкі ў Беларусь / t.me/ostorozhno_novosti/

У Беларусі сілавікі завезлі затрыманага расійскага стэндап-коміка Арцемія Астаніна ў лес і катавалі электрашокерам, а таксама збівалі дубінкамі. Пра гэта піша @ostorozhno_novosti са спасылкай на члена савета пры прэзідэнце РФ па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека Еву Меркачову (яна атрымала інфармацыю ад адваката). Здарылася гэта, калі міліцыянты везлі Астаніна ў Расію для перадачы расійскім паліцыянтам. Аўтамабіль заехаў у лес і расіяніна збівалі, катавалі тры чалавекі. Найбольш білі па спіне. Падкрэсліваецца, што пасля перадачы ў РФ Арцемія Астаніна ніхто не збіваў.

У Маскве Астанін падаў заяву аб злачынстве і папрасіў правесці медыцынскі агляд. Для гэтага яго адвезлі ў бальніцу. Лекары дыягнаставалі пералом пазванка, шматлікія пашкоджанні ад ўдараў, выявілі праблемы з дыхальнай функцыяй і лёгкімі.

Цяпер стэндапер знаходзіцца ў следчым ізалятары, дзе "ледзь перасоўваецца". 

Арцемія Астаніна затрымалі ў Беларусі 17 сакавіка. Пра гэта на наступны дзень паведаміў ГУБАЗіК. У РФ на коміка распачалі крымінальную справу за жарты (пра мужчыну без ног, які "падарваўся на міне"). Пасля затрымання расіяніна перадалі ў Расію. Перад выдачай у РФ сілавікі павесілі на стэндапера мясарубку, бо Астанін жартаваў пра адзін з расійскіх рэгіёнаў, дзе маці загінулых акупантаў Украіны атрымалі ў падарунак такія машынкі.

Мяшчанскі раённы суд Масквы арыштаваў коміка па справе аб "распальванні нянавісці" (яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі). 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.