Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска

Мінск — горад кантрастаў. У ім можна сустрэць мноства архітэктурных стыляў. Але праз шматлікія захопы і войны, а таксама праз абыякавасць да гістарычнай спадчыны з боку савецкіх і постсавецкіх гарадскіх уладаў і саміх мінчукоў у амаль 1000-гадовым горадзе не захавалася будынка, старэйшага за 1612 год.

Вось ён, самы стары будынак Мінска — праваслаўны сабор святых Пятра і Паўла каля гандлёвага дома “На Нямізе”:

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Сабор святых Пятра і Паўла

Працяглы час Мінск заставаўся правінцыйным горадам Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай Імперыі. Толькі пасля таго, як Сталін перадаў Вільню Літве, праз зручнае месцазнаходжанне Мінск стаў сталіцай. А па заканчэнні Другой сусветнай вайны горад пачаў імкліва разрастацца. Перадусім за кошт людзей з рэгіёнаў, якія ехалі сюды вучыцца і працаваць на шматлікіх прадпрыемствах.

Сёння ў карпусах індустрыяльных гігантаў пакрысе прапісваюцца офісы і арт-прасторы. А новыя раёны павольна, але няўмольна адыходзяць ад савецкай аднастайнасці: побач з шэрымі панэлькамі на сталічнай глебе ўзрастаюць дамы розных стыляў, канструкцый і колераў. А побач з імі працягвае існаваць прыватны сектар.

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Скрыжаванне вуліцы Палескай і завулка Лугавога

Часам Мінску ўпікаюць за падабенства жылых раёнаў. Але Еўрарадыё пераканалася, што ў горадзе — паміж канвеерных квадратных метраў — хапае арыгінальнага жылля. Трымайце пералік самых-самых жылых дамоў беларускай сталіцы — кожны ў сваёй намінацыі.

1. Самы стары

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Дом №11/7 на рагу вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай

Гэта дом №11/7 на рагу вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай. Яго збудавалі ў 1740 годзе і з таго часу некалькі разоў рэканструявалі. Цяпер фасад ніяк не выдае ўнутраны “канструктар” з драўлянай асновы і больш позняга каменнага мура. У арцы з боку Рэвалюцыйнай вы пазнаеце лакацыю, папулярную ў сталічных аматараў фатаграфіі, — “Чырвоны дворык”.

2. Самы першы

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Дом №1 па вуліцы 3 верасня

Непрыкметны двухпавярховік з неабтынкаванай цэглы мае адрас: дом №1 па вуліцы 3 верасня — і ачольвае алфавітны спіс дамоў Мінска. Вуліца названая ў гонар перамогі над Японіяй у Другой сусветнай вайне: гэтае свята афіцыйна адзначалі ўсяго пару гадоў. Па ваколіцах вуліцы 3 верасня варта блукаць, слухаючы аднайменны шлягер Міхаіла Шуфуцінскага, каб напоўніцу прасякнуцца водарам разгубленасці, якой патыхае індустрыяльная Тучынка: колішняя прамысловая ўскраіна Мінска, якая ў сучасным горадзе апынулася побач з цэнтрам і дагэтуль не разумее, што з гэтым рабіць.

3. Самы цэнтравы

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Даходны дом Ядзвігі Кастравіцкай

Яшчэ ў сярэдзіне 1960-х насупраць Дома ўрада ў Мінску знаходзіўся даходны дом Ядзвігі Кастравіцкай. На яго першым паверсе кватаравалі грамадскія ўстановы, а наступныя паверхі займала арэнднае жыллё. Ленін, які і сёння стаіць на плошчы Незалежнасці, заглядаў у вокны на ўзроўні трэцяга паверху.

Дом Кастравіцкай знеслі ў 1967 годзе — таму цяпер ён на статус “самага цэнтральнага” прэтэндаваць не можа. Калі лічыць цэнтрам Мінска плошчу Незалежнасці, дык цяпер “самыя цэнтральныя” жылыя дамы — на вуліцах Ленінградскай і Мяснікова.

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Дом №27а па праспекце Незалежнасці

Але калі весці адлік ад “нулявога кіламетра”, дык шукаць самы цэнтральны жылы дом трэба ў ваколіцах Кастрычніцкай плошчы. Тут у атачэнні адміністрацыйных і грамадскіх будынкаў псеўдакласіцызму цудам захаваўся фрагмент забудовы Юр'еўскай вуліцы, якая ішла паміж сучаснымі праспектам Незалежнасці і вуліцай Інтэрнацыянальнай.

Юр’еўская амаль знікла з мінскай мапы пасля вайны ў час пашырэння праспекта Незалежнасці. Але дом №27а па праспекце Незалежнасці схаваўся ў дворыку. Мабыць, якраз яго жыхары могуць сказаць пра сябе, што маюць кватэры ў самым цэнтры сталіцы Беларусі.

4. Самы доўгі

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Дом №6, корпус 1 па вуліца Ясеніна

Калі пад будынкам разумець адзіны паштовы адрас, дык сярод некалькіх кандыдатаў лідзіруе дом №6, корпус 1 па вуліцы Ясеніна. Гэты жылы дом побач са станцыяй метро “Малінаўка” працягнуўся па ламанай лініі амаль на 650 метраў! Іншыя параметры таксама ўражальныя: 26 пад’ездаў і 889 кватэр.

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
"Чырвоная сцяна"

А калі выбіраць не з шэрых “панэлек” (бо што дзіўнага, што ў спальным раёне пабудавалі вялізарны дом?), дык нашу ўвагу прыцягне комплекс дамоў №№4–36 корпус 2 па вуліцы Максіма Танка, вядомы сярод мінчукоў як “Чырвоная (ці Кітайская) сцяна”. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі вуліца, на якой ён стаіць, называлася Нова-Чырвонай, пасля — Танкавай. А раён і да сёння мае ў народзе назву Татарская Слабада.

5. Самы высокі

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Жылы комплекс "Лазурыт"

Пад новы 2022 год насупраць “Мінск-Арэны” абяцаюць увесці ў эксплуатацыю жылы комплекс “Лазурыт”. Ён і стане самым высокім жылым домам Беларусі. 37-павярховая цэнтральная секцыя "Лазурыта" разам са шпілем узнімецца над зямлёю на 138,6 м.

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Жылы комплекс "Ветразь"

Ну а найбліжэйшыя месяцы ганаровае званне найвышэйшага жылога дома Мінска будзе захоўваць хмарачос “Ветразь” (133 метры) на станцыі метро “Фрунзенская”. Чатыры першыя паверхі "Ветразя" займаюць офісы, вышэй — кватэры.

6. Самы арыгінальны

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Жылы комплекс "Дзюна"
Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
"Квартал-парк" Новай Баравой

Тут, вядома, варыянтаў шмат. Але на наш густ, з дамоў, пабудаваных за час існавання незалежнай Беларусі, самы незвычайны дызайн у жылога комплекса “Дзюна” ў Брылевічах.

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
"Кукурузы" на Камароўцы

А калі выбіраць з савецкіх жылых дамоў, дык самымі крэатыўнымі, на думку Еўрарадыё, можна назваць “кукурузы” на Камароўцы. Самі дамы — звычайныя паралелепіпеды, але скругленыя балконы робяць іх падобнымі да амерыканскай гародніны. Дарэчы, ёсць і негатыўны момант: яны адбіраюць у пакояў натуральнае святло.

“Кукурузы” — каркасныя будынкі, першае непанэльнае жыллё ў Мінску. Праўда, апошні вышынны будынак (дом №22 па вуліцы Веры Харужай) будавалі ўжо ў 1990-я. Баючыся адсутнасці попыту на кватэры, у будынку размясцілі офісы.

7. Самы агульны

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Дом №17 па вуліцы Бельскага
Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска

Дом №17 па вуліцы Бельскага — першы і пакуль адзіны ў Мінску дом галерэйнага тыпу. Дзверы ўсіх кватэраў выходзяць на адкрытыя галерэі з аднаго боку. 

Дом пабудаваны па эксперыментальным праекце з Харкава ў 1976 годзе. Кватэры хаця і невялікія, але маюць вокны на супрацьлеглыя бакі. Патрапіць у “пад’езд” (фактычна — у ліфтавую шахту з лесвіцай) можа хто заўгодна. Як і прайсціся па галерэі, разглядаючы гаспадароў на кухнях.

8. Самы казачны

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Таўнхаусы ў завулку Адзінцова

За апошнія паўстагоддзя мінчукі ссунуліся ў разуменні “якаснага прыватнага жылля” ад драўляных “вясковых” хатак да цагляных катэджаў. Гэта цалкам натуральна. Але ёсць у Мінску куточкі з вельмі дзіўнай прыватнай забудовай.

У пачатку 1990-х у Мядзведжыне па завулку Адзінцова з’явіўся комплекс таўнхаусаў у стылі "кіслотнага ракако". Гэтыя домікі нібыта перанесеныя на глебу мінскага Захаду са старонак дзіцячай казкі. Цяпер архітэктура комплексу можа ўразіць хіба што аматараў творчасці Джона Толкіна ці актыўных спажыўцоў забароненых рэчываў, бо постмадэрнісцкі экстэр’ер, прыдуманы чараўнікамі кульмана з Мінскграмадзянпраекта, састарэў яшчэ ў час стварэння.

9. Самы цесны

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Дом №55 па вуліцы Чарвякова

Дом №55 па вуліцы Чарвякова — сумны помнік гранічнай эканоміі прасторы. Гэта першы і, здаецца, пакуль што адзіны ў Мінску дом з дварамі-калодзежамі. 

Відавочна, забудоўшчык здолеў выціснуць з участка максімум выгады, але якой цаной? Некаторыя балконы на першым паверсе знаходзяцца пад аркай і цалкам пазбаўленыя сонечнага святла. А жыхары дома, якія не любяць шторы і жалюзі, нібыта ўвесь час здымаюцца ў рэальці-шоу “За шклом”.

10. Самы круглы

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Жылы комплекс "Каскад"

Жылы комплекс "Каскад" узнік на месцы турмы і аўтобуснага парка №3 побач са станцыяй метро "Маладзёжная". Круглых жылых вежаў тут шмат, але ёсць адна, якая складаецца з двух “цыліндраў”.

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Жылы комплекс "Вівальдзі"

Ёсць у Мінску і іншыя (амаль) круглыя дамы, хаця ніводны з іх не замыкаецца ў поўнае кола. Напрыклад, у ЖК "Вівальдзі" (дом №16 па вуліцы Ложынскай) і на вуліцы Сурганава (дом №88). А ЖК "Мегаполіс" — гэта ланцужок з трох незамкнёных звёнаў.

11. Самы спартыўны

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Дом №9 па вуліцы Дзянісаўскай

На скрыжаванні вуліц Маякоўскага і Дзянісаўскай знаходзіцца велічны будынак з чырвонай і пясочнай цэглы. Ад цыліндрычнай вежы ўздоўж абедзвюх вуліц адыходзяць крылы. Увесь дом мае адзіны пад’езд.

Вы запытаецеся, а чаму ён самы спартыўны? Ключавая асаблівасць дома хаваецца ўнутры: усе кватэры тут трохпакаёвыя і (увага!) трохузроўневыя. На першым узроўні — вітальня, вышэй — спальні, яшчэ вышэй — кухня-сталовая (фактычна гасцёўня з кухняй). У некаторых кватэрах парадак узроўняў адваротны. Узроўні злучаюць вузкія лесвічкі. Усё гэта — своеасаблівы трэнажор для фітнесу, які заўжды з тутэйшымі жыхарамі.

12. Самы скандальны

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Жылы комплекс "Ля Траецкага"

ЖК "Ля Траецкага" атрымаў народную мянушку "Дом Чыжа" па прозвішчы буйнога бізнесмена, кампанія якога стаяла за яго будоўляй. Яшчэ на стадыі праекта будынак выклікаў абурэнне архітэктараў і грамадскіх актывістаў. Яны казалі, што высачэзная гаргара "расцісне" Траецкае прадмесце, сапсаваўшы ўражанне ад яго ў мінчукоў і турыстаў. "Дом Чыжа" планавалі "падрэзаць" па вышыні да суседняй "белай сцяны" на Старажоўцы, але ў выніку колькасць паверхаў засталася ранейшай.

Іншыя прэтэнзіі неабыякавых гараджан да жылога комплексу — вонкавы выгляд: актуальны для пачатку 1990-х (з папулярнай у той час гульнёй з мноствам геаметрычных формаў), але непазбежна архаічны ў 2010-я.

13. Самы патрыятычны

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Рог праспекта Пераможцаў і вуліцы Вясёлкавай

Тут было б слушна пералічыць будынкі, якім пашчасціла (пакуль што) захаваць бел-чырвона-белую расфарбоўку, якую апошнім часам страшэнна не любяць камунальнікі. Некалькі жылых гмахаў каля станцыі метро "Міхалова", комплекс будынкаў насупраць парку Дразды (якая нахабнасць!) і шэраг іншых могуць пахваліцца крамольным у цяперашні час каляровым спалучэннем у экстэр’еры.

Горад Сонца як горад кантрастаў: самыя арыгінальныя жылыя дамы Мінска
Дом №15 па вуліцы Паўліны Мядзёлкі

Асобна вылучым дом №15 па вуліцы Паўліны Мядзёлкі ў Навінках. Панэльны 10-павярховік збудавалі ў 2017 годзе сіламі УКБ Цэнтральнага раёна. Яно ж выступіла з ініцыятывай упрыгожыць бачны з МКАД фасад нацыянальным арнаментам. Ці даспадобы вам такое аздабленне?

Высновы

Вось такі наш Мінск: старажытны і сучасны, панэльны і ўнікальны. Як вам наш рэйтынг? Магчыма, мы не згадалі адметныя будынкі, вартыя ўвагі нашых чытачоў і ўсіх гараджан? Калі вы ведаеце такія — пішыце пра іх нам на пошту: [email protected]. Ці ў каментары там, дзе вы чытаеце гэты артыкул.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі