Грамадскія арганізацыі заклікаюць назваць на перапісе роднай мовай беларускую

Грамадскія арганізацыі заклікаюць назваць на перапісе роднай мовай беларускую

Беларусаў заклікаюць назваць на перапісе сваёй роднай мовай беларускую. Адпаведны зварот у рамках кампаніі "Беларускамоўны" падпісалі шэраг грамадскіх арганізацыяў краіны: Беларускі ПЭН-цэнтр, тэлеканал "Белсат", Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", "Арт-сядзіба", Symbal.by. 

Прычынай звароту называецца тое, што "беларуская мова не мае спрыяльных умоваў для існавання і развіцця ў Беларусі".

Аўтары звароту адзначаюць факты моўнай дыскрымінацыі ў дзяржаве: "Яна амаль не ўжываецца на афіцыйным узроўні, практычна ўсе законы ў Беларусі выдаюцца выключна па-руску. Паводле апошніх даследаванняў, 48% беларусаў лічаць беларускую мову роднай, але доступ да адукацыі на беларускай мове застаецца абмежаваны: толькі 13% вучняў навучаюцца па-беларуску; у краіне няма ніводнага ўніверсітэта з беларускай мовай выкладання. Мова 85% кніг, што выдаецца ў Беларусі штогоду, — руская; па-беларуску выходзіць толькі 9,5% кніг".

Як вядома, на перапісе насельніцтва, які праходзіць цяпер у Беларусі, роднай мовай у анкетах пазначаюць першую засвоеную ў дзяцінстве. 

"Мы перакананыя, што родная мова — не абавязкова "першая засвоеная ў дзяцінстве". Родная мова — гэта эмоцыі ды пачуцці, гэта тая мова, якую вы адчуваеце роднай, мовай сваіх дзядоў. Незалежна ад таго, якой мовай вы карыстаецеся ў штодзённым жыцці, беларуская мова нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі", — пішуць аўтары звароту.

Яны заклікаюць беларусаў называць роднай мову беларускую. 

Публічным асобам і грамадскім арганізацыям прапаноўваецца далучацца да гэтага звароту і пашыраць яго ў сваіх колах. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі