Гурт Tłusta Łusta падрыхтаваў альбом-красовер (слухаць)
У ім музыкі адмаўляюцца ад панк-року і спяваюць пра каханне.
Гродзенцы Tłusta Łusta вяртаюцца пасля пяцігадовай паўзы і выдаюць другі альбом. У пласцінку пад назвай "Pieranačuješ — bolš pačuješ" увойдуць 10 кампазіцый ды бонус-трэк — кавер на песню Neuro Dubel "Пацалунак", з якой музыкі паўдзельнічалі ў трыб’юце гурту. Адмыслова для альбома песня перакладзеная і перамайстраваная, а значыць набыла іншае гучанне.
Усе песні альбома напісаныя на вершы беларускіх паэтаў. Напрыклад, ніжэй вы можаце паслухаць трэк "Modnaja Žančyna" на верш мінчука Уладзя Лянкевіча. Еўрарадыё ўпершыню выкладае яго ў інтэрнэт з ласкавага дазволу гурта.
Прысвяціць пласцінку Tłusta Łusta вырашылі… Пачуццям! У "Pieranačuješ — bolš pačuješ" музыкі адыходзяць ад моладзевага максімалізму і панк-року. А праз змяшэнне стыляў і эксперыменты кожная з песень альбома атрымала ўласную стылістыку і разынку. Лідар каманды звязвае гэты факт з тым, што і сам стаў слухаць іншую музыку.
"Альбом атрымаўся больш сталым і блізкім да мэйнстрыму. Мы адышлі ад панк-року і цяпер робім нешта больш падобнае на індзі-рок, — тлумачыць Кірыл Богуш. – Увогуле, столькі накірункаў перамяшалася — сапраўдны красовер! У лірычным плане мы вельмі змяніліся – у нас з’явіліся песні пра каханне, якіх раней не было. Я пайшоў далей і цяпер для мяне актуальнае іншае. Напрыклад, я б хацеў паіграць нешта сатырычна-гумарыстычнае".
Менавіта ў гэтым накірунку гурт збіраецца працягнуць працу ў трэцім альбоме.
“Матэрыялу для яшчэ адной пласцінкі ўжо многа! Магу сказаць, што музыка ў ім стане яшчэ лягчэйшай, будзе менш року і больш электронікі”.
Канцэртнага складу ў гурта дагэтуль няма — яшчэ ў 2008 годзе Tłusta Łusta пазбавіліся амаль ад усіх былых удзельнікаў. Кожны з іх цяпер заняты ва ўласных праектах. Таму другі альбом давялося запісваць з дапамогай сесійных музыкаў і часткова з музыкамі, якія ўдзельнічалі ў запісе першай пласцінкі. У будучым Кірыл Богуш плануе сабраць сталы склад, і шукае музыкаў.
Нагадаем, гурт Tłusta Łusta стаў пераможцам "Басовішча-2008" і ў тым жа годзе выдаў дэбютны альбом"Blin pieršy". Пасля пяцігадовай паўзы гурт зноў заявіў пра сябе сінглам "Ramans" вясной гэтага года.
Каб не быць галаслоўнымі, Tłusta Łusta паказвае на Еўрарадыё адзін трэк з будучага альбома. Цалкам ён будзе прэзентаваны праз тыдзень. А пакуль слухаем на Еўрарадыё песню "Modnaja Žančyna", напісаную на верш мінскага паэта Уладзя Лянкевіча.