Хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі шосты матч запар
4 верасня мінскае "Дынама" правяло чарговы матч рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. У Чарапаўцы "зубры" сустракаліся з мясцовай "Северсталлю".
Гульня скончылася з лікам 2:1 на карысць гаспадароў. Гэта шосты запар матч, які дынамаўцы прайграюць.
На 3-й хвіліне гульні гаспадары вырваліся наперад дзякуючы шайбе, забітай Паўлам Чарновым. Толькі на 50-й хвіліне дынамавец Аляксандр Паўловіч здолеў аднавіць раўнавагу ў ліку. Аднак Данііл Воўчанка на 54-й хвіліне падарыў сваёй камандзе, якая гуляла ў меншасці, перамогу.
Такім чынам, пасля шасці гульняў "Дынама-Мінск" мае толькі 2 ачкі і займае апошняе, 13-е, месца ў заходняй канферэнцыі.