Хакеры заблакавалі сервер лякарні ў Светлагорску і знішчылі ўсе файлы

Хакеры заблакавалі сервер лякарні ў Светлагорску і знішчылі ўсе файлы

Хакеры ўзламалі сервер Светлагорскай раённай лякарні і патрабавалі вялікі выкуп за аднаўленне доступу да файлаў. Пра гэтае здарэнне паведамляе БЕЛТА са спасылкай на старшага оперупаўнаважанага групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій крымінальнай міліцыі АУС Светлагорскага райвыканкама Яўгена Казлова. Паводле праваахоўніка, 15 траўня ў міліцыю звярнуліся супрацоўнікі Светлагорскай ЦРЛ і паведамілі, што тры дні таму невядомыя зашыфравалі ўсе файлы на серверы лякарні. Для расшыфроўкі зламыснік запатрабаваў выплату ў суме крыптавалюты 1ВТС (біткоін), што складае $ 2,7 тысячы.

Гэтыя грашовыя сродкі павінны былі пералічыць на паказаны ў паведамленні нумар электроннага кашалька. Адметна, што на кампутарным сервэры лякарні стаяла ліцэнзійная аперацыйная сістэма з выхадам у інтэрнэт і статычным IP-адрасам, але абароны як такой не было.

Атака адбылася шляхам перабору пароляў да службы аддаленага працоўнага стала. З 17.22 11 траўня да 13.48 наступнага дня было зафіксавана 4625 спробаў уваходу ў сістэму. У 13.48 доступ да выдаленага кіравання быў атрыманы: верагодна, падабраны пароль і лагін адміністратара. Шыфроўка файлаў скончылася ў 13.50. Гэта значыць, за дзве хвіліны быў зашыфраваны 13271 файл, неабходны ў працы. У кожным каталогу быў створаны тэкставы дакумент з тлумачэннем: разблакаваць файлы можна толькі пасля выплаты пэўнай сумы.

На серверы не было віруснага праграмнага забяспечэння, бо праграма, пры дапамозе якой адбылося шыфраванне файлаў, была выдаленая самім зламыснікам. Зашыфраваныя файлы аднаўленню не падлягаюць.

Пасля звароту работнікаў ЦРБ сервер быў канфіскаваны. У РАУС адзначылі, што дзеянні зламысніка падпадаюць пад ч.1 арт.351 КК Беларусі “Камп'ютарны сабатаж” з максімальным пакараннем да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі