Халезін: "Пяты пакет" санкцый Еўрасаюза будзе прыняты на пачатку ліпеня
"Пяты пакет" санкцый супраць Беларусі будзе прыняты Еўрасаюзам ужо на пачатку ліпеня. Пра гэта піша Мікалай Халезін. Калі гэтая інфармацыя апынецца праўдай (а гэта цалкам верагодна), то "чацвёрты" і "пяты" пакеты санкцый аддзяляюць пару тыдняў.
Ёсць некалькі варыянтаў таго, з чым звязана такая актыўнасць еўрапейскіх палітыкаў, якія амаль паўгода марудзілі з "чацвёртым" пакетам.
Па-першае, гэта дзеянні афіцыйнага Мінска (выхад з "Усходняга партнёрства", скасаванне дамовы аб рэадмісіі, прапанова Дзірку Шубелю выехаць у Брусэль для кансультацый). Гэтыя крокі ўпэўнілі еўрапейцаў у тым, што "меседж" санкцый, уведзеных цяпер, у Палацы Незалежнасці не пачулі.
Па-другое, некаторыя афіцыйныя асобы і прадпрыемствы засталіся па-за санкцыямі праз высілкі лабістаў, а беларускія бізнесоўцы спрабуюць рознымі шляхамі вывесці свае прадпрыемствы з-пад санкцый. Еўрачыноўнікі разлічваюць разабрацца з такімі недарэчнасцямі за найбліжэйшыя тыдні.
Па-трэцяе, "калектыўны Захад" даведаўся пра новых асобаў, адказных за рэпрэсіі ў грамадзянскай супольнасці і яшчэ не ўключаных у блэклісты.
Па-чацвёртае, новыя санкцыі будуць тычыцца і еўрапейскіх бізнесоўцаў, якія працягваюць супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі.
"Чацвёрты пакет" пачаў дзейнічаць 21 чэрвеня і закрануў 78 фізічных і восем юрыдычных асоб Беларусі. 25 чэрвеня пад сектаральныя санкцыі Еўрасаюзу трапілі нафтаперапрацоўка, экспарт калійных ўгнаеняў, банкаўская сфера, тытунёвы бізнес і тэхналогіі відэаназірання.
У адказ на гэта МЗС збіраецца забараніць уезд у Беларусь прадстаўнікам еўраструктур і асобам з краін Еўрапейскага саюза, якія садзейнічалі ўвядзенню абмежавальных мер. А кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Рэспубліцы Беларусь Дзірку Шубелю прапанавана выехаць у Брусэль для кансультацый.
Да таго ж Беларусь прыпыняе ўдзел у ініцыятыве Еўрасаюза "Усходняе партнёрства". Таксама наша краіна пачынае працэдуру прыпынення Пагаднення аб рэадмісіі з ЕС.
Канцлер Германіі Ангела Меркель паабяцала, што ціск краін Захаду будзе працягвацца да таго часу, "пакуль сітуацыя ў Беларусі не зменіцца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.