Хаменка: Аднойчы мы правядзём калядны карнавал на праспекце Скарыны!

Хаменка: Аднойчы мы правядзём калядны карнавал на праспекце Скарыны!

Напярэдадні Калядаў у студыю Еўрарадыё мы запрасілі фолк-музыкаў і фалькларыстаў Алега Хаменку і Сержука Доўгушава і распыталі пра тое, навошта сучаснаму беларусу ведаць традыцыі, як мусіць выглядаць калядны абрад у горадзе, адкуль на нашых святах узялася каза, калі выкідваць ялінку і навошта пускаць дадому калядоўшчыкаў.

Дарэчы, 25 снежня ў клубе Re:Public адбудзецца “галоўная ёлка для дарослых” з удзелам нашых гасцей — гуртоў “Палац” і Vuraj, а таксама “Старога Ольсы”, “Зніча”, Irdorath і іншых. Сяржук Доўгушаў таксама запрашае дзетак і бацькоў на паказы каляднай казкі “Пра казу і Пятра”, якія будуць праходзіць у кавярні “Грай” з 26 снежня па 6 студзеня.

Слухаць размову цалкам:

Цікавыя цытаты:

 

Алег Хаменка: Калі мы заявілі, што ў нас ёсць краіна, што ў нас ёсць народ, які хоча стаць нацыяй, адраджаць традыцыі не проста трэба, а жыццёва неабходна.

 

Алег Хаменка: Каза — гэта першая жывёла, якая ўбачыла нараджэнне Збаўцы. Яна ж жыла ў стайні, дзе Хрыстос нарадзіўся. Але каза была часткова выкрасленая з гісторыі, бо з’яўляецца сімвалам Зеўса, які быў выкармлены казіным малаком.

 

Сяржук Доўгушаў: Калі на Лепельшчыне запытацца, ці вадзілі ў іх казу, адкажуць, што не. Маўляў, мы жанілі Цярэшку. І вось у гэтым абрадзе ёсць гульня “Вішанька”: стаяць мужчыны, трымаюць дзяўчыну, і “жаніх” мусіць падскочыць і пацалаваць яе. І ёсць шмат гульняў, у якіх фігуруюць “князь” і “князёўна”. Кажуць, з часоў Полацкага княства гэты абрад захаваўся. Відаць, што ў ім адбілася тая самая “свецкая” частка Калядаў, якую ладзіла ў тым ліку і шляхта.

 

Алег Хаменка: Каза ідзе наперадзе шэсця, за казой — віфлеемская зорка, якая паказвае, дзе нарадзіўся Збаўца. За ёй — калядоўшчыкі, якія шукаюць той самы двор. І гэтая форма пошуку двара, дзе нарадзіўся Збаўца, з’яўляецца шэсцем, перапрацаваным цяпер у карнавал. Да таго ж гэта мае сацыяльна-стратэгічнае значэнне. І з гэтай прычыны захаваць казу ці выяву казы вельмі важна.

Хаменка: Аднойчы мы правядзём калядны карнавал на праспекце Скарыны!

Алег Хаменка: Каляды — свята гарадское ці вясковае? Цывілізацыйнае! Хаця ў гарадскім асяроддзі яно з’явілася прыкладна ў XV стагоддзі. Але трэба захаваць стрыжнёвую пазіцыю — зайсці ў кожны дом, у кожную кватэру, хаця ў тым свеце, дзе мы жывём, з дамафонамі і ўсім астатнім, даводзіцца падладжвацца. Адаптацыя да сучаснасці мусіць захаваць міфалогію і стаўленне да гэтага свята.

 

Сяржук Доўгушаў: У Давыд-Гарадку да сёння жыве традыцыя “Конікі”. Гэта гарадское свята, у якім бяруць удзел усе гараджане: коніка водзяць ад малых дзяцей да сталых людзей, якія потым збіраюцца на галоўнай плошчы і спяваюць песні. Ёсць легенда, як з’явіўся ў Давыд-Гарадку конік наперадзе каляднага шэсця. Было важна, каб у шэсці 25 снежня браў удзел ксёндз, і нават калядная зорка захоўвалася ў касцёле — гэта было абсалютна звычайна. І вось святар у Давыд-Гарадку катэгарычна адмовіўся ісці за казой. Тады людзі спыталіся: “А за канём пойдзеце?”. Ён пагадзіўся, і з таго часу пайшлі конікі. Гэтая з’ява зафіксаваная ў XIX стагоддзі.

 

Алег Хаменка: Каляды вадзілі да самага Вадохрышча. Пасля яго і ёлку трэба выкідаць, і не маскіравацца ажно да наступных Калядаў. То бок ты ўжо чалавек, усё!

 

Алег Хаменка: Уся гэтая “адліга”, можа, і прывядзе да таго, што мы аднойчы правядзём калядны карнавал на праспекце Скарыны. Але ж улады баяцца, што павыходзяць людзі ў масках на праспект, і што гэта будзе? Бо незразумела, як гэта будзе кантралявацца. Да таго ж гэта павінна быць не па загадзе: “Быць усім студэнтам, інакш пазбавім інтэрната. Усім выйсці на Каляды!”. Ні ў якім разе! Гэта ж абсалютна натуральнае жаданне. Гэта мусіць выглядаць як масленічны карнавал у Рыа-дэ-Жанейра. 

Хаменка: Аднойчы мы правядзём калядны карнавал на праспекце Скарыны!

Алег Хаменка: У вясковым асяроддзі шэсце было стрыжнёвай дзеяй, калі калядоўшчыкі ішлі па галоўных вясковых вуліцах. А ў горадзе яны мусяць хадзіць па вялікім праспекце, а ўзначальваць яго мусяць і чыноўнікі, і найбольш вядомыя людзі, і лялькі ўсіх нашых персанажаў, але памерамі з тых, як у Рыа. Гэта прыцягненне ўвагі ўсяго свету. Калі мы гэтага не зробім, то якая-небудзь Украіна ці Расія скрадзе нашу ідэю і зладзіць гэта ў сябе.

 

Сяржук Доўгушаў: Хочацца, каб на побытавым узроўні людзі зразумелі сам сэнс Калядаў. Бо не раз падчас Калядаў па розных гарадах і мястэчках я сутыкаўся з тым, што людзі думаюць, нібыта да іх нейкія папрашайкі прыйшлі. Маўляў, яны штосьці просяць, і ім трэба даць. Але яны не разумеюць, што людзі, наадварот, прыйшлі пажадаць ім шчасця і дабрабыту, што гэта абмен энергіяй.

 

Алег Хаменка: Калядоўшчыкі ішлі па хатах шукаць Збаўцу, іх адорвалі за гэта. І гэта стрыжнёвая легенда нашай цывілізацыі ўвогуле. Таму як ад гэтага адмаўляцца? Бабулі плакалі, калі калядоўшчыкі не заходзілі…

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі