Хаўз-майстар супраць сантэхніка, сталяра, электрыка ды маляра-штукатура

Жыллёва-камунальную гаспадарку ў Мінску будуць рэфармаваць. Сантэхнікаў электрыкаў, цесляроў і маляроў заменяць спецыялістамі шырокага профілю — хаўз-майстрамі. Эксперымент у Мінску запусцяць ужо з 2 сакавіка ў двух раёнах: Першамайскім і Партызанскім.

“Гэта эксперымент. Мы плануем рэфармаваць гэтыя два раёны. Па выніках года паглядзім, што будзе, і прыменім на ўвесь горад, — тлумачаць у Міністэрстве жыллёвай гаспадаркі. — Плануецца, што абслугоўваннем жыллёвага фонду зоймецца адзін чалавек — хаўз-майстар. Электрыка, сантэхніка — ён мусіць цалкам працаваць з домам”.

Згодна з планамі чыноўнікаў, хаўз-майстара будуць ведаць жыльцы, як участковага.

Хто такі хаўз-майстар

Звычайнага электрыка ці сантэхніка перавучваюць і даюць дадатковыя прафесіі. У Магілёве падрыхтавалі 58 такіх спецыялістаў.

“У яго пашыраная сфера дзейнасці. Напрыклад, мы запрашалі на навучанне электрыка і давалі яму яшчэ 4 прафесіі. Яны ўжо атрымалі пасведчанне і пайшлі працаваць. Навучанне 2,5 месяцы”, — так апісваюць навучанне ў цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых супрацоўнікаў і спецыялістаў упраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама.

Як выклікаць хаўз-майстра

Для жыльцоў нічога не зменіцца, абяцаюць камунальнікі. Так, у 23-м ЖЭСе Мінска працуюць 4 хаўз-майстры. Выклікаць іх можна, патэлефанаваўшы ў дыспетчарскую, як і раней.

“Ёсць у мяне хаўз-майстар, які і маляр, і сантэхнік, і сталяр, і плітачнік і гіпсакартоншчык. Калі капітальны рамонт, яны прыходзяць брыгадай, могуць кватэру адрамантаваць”, — кансультуюць у ЖЭСе.

Плата за паслугі новых майстроў на ўсе рукі, як і раней, будзе ўключацца ў “жыроўку”. Гэта пацвярджаюць у 26-м ЖЭСе Партызанскага раёна Мінска.

Усё, што уключанае ў паняцце тэхнічнага абслугоўвання, усё гэта будзе рабіць хаўз-майстар. Усе заяўкі на гэты конт ён будзе абслугоўваць. Дамова на выкананне паслуг пры гэтым не мяняецца. Ён робіць усё, апроч бягучага рамонту”, — тлумачаць у ЖЭСе. І абяцаюць, што паслугі для жыльцоў не падаражаюць.

Колькі каштуе майстар

Замяніць унітаз згодна з прайсам ЖРЭА Партызанскага раёна каштуе 94 тысячы, ракавіну — 57 тысяч, кран — 50 тысяч.

Фота: kraj.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі