Хірург, які аперыраваў Юлю: Я правёў тысячу аперацый. Скаргаў не было

Хірург Віктар Серабро, які аперыраваў Юлю Кубараву ў “Экамедсэрвісе”, працуе загадчыкам аддзела пластычнай хірургіі і ў адной з дзяржаўных клінік. Ён мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Звяртаемся да ўрача з пытаннем, якое турбуе, напэўна, усю Беларусь: “Што здарылася падчас аперацыі? Чаму загінула Юля?”

Віктар Серабро: “На жаль, не магу з вамі размаўляць на гэту тэму. Выпадкам займаюцца следчыя органы, і пакуль даваць інфармацыю я не маю права”.

Еўрарадыё: У вас вялізная ўрачэбная практыка. Ці здаралася калі-небудзь, каб паміралі пацыенты?

Віктар Серабро: “Я правёў больш за тысячу аперацый. Не было нават скаргаў на нейкія дробныя дэфекты”.

Еўрарадыё: Дык хто вінаваты ў смерці дзяўчыны?

Віктар Серабро: “Вядзецца следства і што стала вядома падчас яго ― мы, медыкі, не ведаем. Нам не паведамляюць. Я сам чакаю гэтых вынікаў”.

Нагадаем, што 27 сакавіка жыхарка Гродна Юля Кубарава рабіла аперацыю па карэкцыі формы носа ў мінскай клініцы “Экамедсервіс”. Паводле слоў бацькоў, пасля аперацыі дзяўчына не прыйшла ў прытомнасць, хоць медыцынская брыгада, якая праводзіла аперацыю, супакойвала іх: усё нармальна. Рэанімацыйную брыгаду выклікалі прыкладна праз шэсць гадзін. Чатыры тыдні дзяўчына знаходзілася ў стане комы і выратаваць яе, на жаль, не ўдалося.

Паводле інфармацыі “Нашай Нівы”, якая пагутарыла з блізкай да следства крыніцай, Юля атруцілася вуглякіслым газам. У апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх не працаваў так званы абсорбер. Гэта дэталь адказвае за выдаленне лішку вуглякіслага газа. Стан гэтага абсорбера не правяралі з 2010 года.

Магчымасць выказацца па трагічнай сітуацыі даём і адміністрацыі “Экамедсэрвісу”. Размаўляць бярэцца юрыст клінікі, якога прадстаўляюць Мікалаем Анатольевічам. 

Юрыст: “Мы зараз ніякай інфармацыі, апроч той, што ёсць на сайце, аб медцэнтры не даём. Зварот у медцэнтр кожнага чалавека ― гэта ўрачэбная таямніца. Таму мы паводле закону не маем права даваць каментарыі”.

Жаніх: “Медыцынская кніжка сведчыла, што Юлечка была цалкам здаровай”

“Калі ёй было 16, то ў нос трапіў сняжок, і здарыўся пералом. Аперацыю рабілі пад месным наркозам у гродзенскай клініцы. Юлечка казала, што было цяжка і балюча, ― распавядае Вадзім Рыжко, жаніх Юлі. За дзень да нашага тэлефанавання ў сям’і хлопца здарылася яшчэ адна трагедыя ― памёр дзядзька. ― Мне Юля вельмі падабалася, яна была прыгожая. Але яе саму бянтэжыла маленькая гарбінка на носе. Аперацыю яна хацела зрабіць наўмысна перад вяселлем. Яна здала ўсе аналізы ў Гродне, потым у платнай клініцы. Усё ў яе было ў парадку, ніякай алергіі на медыкаменты, ніякіх скаргаў. Медыцынская кніжка сведчыла, што Юля была цалкам здаровай. Аперацыя планавалася простая, ні пра што дрэннае мы не думалі. Вельмі балюча, калі такая сітуацыя здараецца са здаровым чалавекам".

Бацькі Юлі: “Калі ў дзяцінстве дачка зламала нос, медык таксама зрабіў памылку. І яму было ўсё роўна, і гэтым”

Бацькі Юлі Кубаравай перакананыя, што дачка загінула не толькі з-за няспраўнага апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

“У нас ёсць дакумент унутранага службовага расследавання “Экамедсэрвіса”. Там яны апісваюць, што падчас аперацыі, бліжэй да канца, у іх зламаўся апарат, які падаваў кісларод падчас наркозу, ― канстатуе факты забіты горам бацька ― Юрый Кубараў. ― І апарат не працаваў пэўны час. Яны ў гэты момант нібыта выкарыстоўвалі кіслародную падушку. У выніку давялі аперацыю да канца і прывезлі Юлю ў палату. І разбегліся, не прывёўшы дачку ў прытомнасць, у парушэнне ўсіх інструкцый. Нам пра надзвычайную сітуацыю нічога не паведамілі. Мы хваляваліся, чаму Юля не прачынаецца, а нам сказалі: “Так трэба. А дыхае, захлёбваючыся, бо была аперацыя на носе". Каб яны гэту справу не ўтойвалі, а выклікалі рэанімацыйную брыгаду хаця б цягам гадзіны пасля аперацыі, то дачку выратавалі б. А яны яе пакінулі проста на ложку паміраць. А нас а 10-й вечара ахова выгнала: “Усё закрываецца, просім вас сысці”. Тэлефануем праз гадзіну, нам кажуць, што Юля яшчэ не прачнулася. Потым увогуле трубку не бралі. А другой ночы нам патэлефанавалі і сказалі, што яна ў рэанімацыі. А дзявятай раніцы нас запрасіў да сябе ўрач і сказаў, што Юля паступіла ў вельмі цяжкім стане, пры адсутнасці ўсіх рэфлексаў. Аказалася, што здарыўся ацёк мозга”.

Еўрарадыё: Усё ж вы думаеце, што асноўны ўдар быў нанесены падчас аперацыі? Ці рэаніматолагі пасля аперацыі мелі шанцы выратаваць Юлю?

Юрый Кубараў: “Калі б пасля аперацыі выклікалі “хуткую”, шанец выратаваць дачку быў бы агромністы. Потым урачы нам тлумачылі, што калі забіць трывогу ў першыя дзве гадзіны, то шанцы вельмі-вельмі высокія. Але хірург Серабро сышоў хвілін праз пяць пасля аперацыі, медсёстры таксама. Анестэзіёлаг Шураў падыходзіў разы тры да дзвярэй і ў хуткім часе таксама сышоў. Пасля смерці Юлі пайшлі званкі, каментарыі. Многія беларусы, як аказалася, з такімі сітуацыямі сутыкаліся. З-за халатных адносінаў да людзей некага інвалідам зрабілі, у некага маці, бацька загінулі. Нас таксама суцяшалі, што ў Беларусі, маўляў, з-за зубоў памірае пяць чалавек штогод, з-за наркозу. Гэта можна зразумець. Але тут не было алергіі на наркоз. Сэрца спынілася за два дні да смерці, яно месяц пасля смерці мозга працавала. А здарылася кіслароднае галаданне, выкліканае адключэннем апарата”.

Еўрарадыё: Ці хацелі б вы, каб медыкаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасці?

Юрый Кубараў: “Мы хацелі б, каб іх пажыццёва пазбавілі ліцэнзіі. Каб гэтыя медыкі не займаліся ўрачэбнай дзейнасцю. Юлю не выратаваць, але хацелася б, каб не дарма яна сябе ў ахвяру прынесла. Бо раней, калі б не выдалялі з сайтаў негатыўныя водгукі, мы б падумалі, ці звяртацца ў гэту фірму. А так на сайце толькі хвалебныя оды, мы і патрапілі пад гэты молах абыякавасці і халатнасці.

У Юліным дзяцінстве, калі ў яе зламаўся нос, урач таксама дапусціў памылку, не паправіў ёй належным чынам перагародку. Каб ён тады гэта зрабіў, гісторыя і скончылася б, дачка была б жывой. Але і таму ўрачу было ўсё роўна, і гэтым…”

Усе ўдзельнікі медбрыгады, якія праводзілі аперацыю Юлі Кубаравай, працягвалі працаваць. Толькі ў пятніцу трэцяга траўня стала вядома, што ўсю медбрыгаду і дырэктарку медцэнтра затрымалі. З хірургам Віктарам Серабро, як аказалася, Еўрарадыё пагутарыла за гадзіну-дзве да зняволення.   

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі