Абарона анэстэзіёлага Шурава абскардзіла прысуд па "справе Кубаравай"
Лекар-анэстэзіёлаг "Экамедсэрвіса" Аляксандр Шураў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні.
Акрамя таго, ён пазбаўлены права займацца медыцынскай дзейнасцю на пяць гадоў. Нагадаем, што ён прызнаны вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента.
Раней стала вядома, што прысуд абскардзілі яшчэ двое прызнаных вінаватымі па справе аб гібелі Юліі Кубаравай, паведамляе БелаПАН.
Галоўны інжынер медцэнтра Вадзім Ліхута і былая гендырэктарка Галіна Валжанкіна прызнаныя вінаватымі ў службовай халатнасці. Ліхута прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні. Пяць гадоў ён не можа займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых функцый. Валжанкіна асуджаная на два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. На пяць гадоў яна пазбаўленая права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых функцый.
25-гадовая Юлія Кубарава памерла 23 красавіка 2013 года пасля аперацыі па карэкцыі носа, праведзенай у "Экамедсервісе" 26 сакавіка.