“Хлопцы, вы што?” — у Драгічыне пяцёра збілі кіроўцу, які не паспеў парушыць ПДР
“Вы што, звар’яцелі? Ну мы не бачылі, што там “цэгла”! Вы чаго б’ецеся, хлопцы? Хлопцы, вы што?!” — Таццяна Р. (прозвішча ёсць у рэдакцыі) спрабуе спыніць пяцярых хлопцаў, якія прыйшлі “правучыць” яе мужа Паўла. На запісе з відэарэгістратара чуваць гукі ўдараў і крыкі жанчыны. Нарэшце, хлопцы адыходзяць да свайго аўто. Збіты Павел заводзіць свой і з’язджае.
Гэтае здарэнне адбылося ў Драгічыне (Брэсцкая вобласць). Павел і Таццяна родам з Драгічынскага раёна. Зараз яны працуюць ў Маскве, а ў Беларусь прыязджаюць да сваякоў. У той вечар яны ехалі ў госці на шашлыкі.
“Разам з Таняй яны ехалі да нас, — распавядае Еўрарадыё Вольга, жыхарка Драгічына. — Паша — брат майго мужа. Мой дом недалёка ад гэтага пераезда Шаўчэнкі [пераезд праз чыгунку на вуліцы Тараса Шаўчэнкі, непадалёк ад якога адбылося здарэнне. — Еўрарадыё], і пакуль не паставілі знак забароны, усе ездзілі праз маленькую вулачку. Паша на той момант быў у Маскве і не ведаў, што праезд забаранілі. На відэа бачна, што кіроўца крыху замарудзіўся, але заўважыў знак і паехаў прама”.
На відэа бачна, як на секунду кіроўца “Фольксвагена” разгубіўся, але, заўважыўшы знак і машыну, якая стаіць у правулку, паехаў прама. Правілы дарожнага руху мужчына не парушыў, але пасажыры “Опеля”, які выязджаў з-пад “цэглы”, палічылі інакш. У машыне было 5 маладых хлопцаў, якія праз хвіліну падрэзалі “Фольксваген” і прымусілі кіроўцу спыніцца.
На відэарэгістратар Паўла Р. трапіў і нумар “Опеля”, і твары нападнікаў. Пасля бойкі Павел з Таццянай усё ж даехалі да сваякоў і адразу выклікалі міліцыю.
“Хуткую” мы не выклікалі, — працягвае распавядаць Вольга. — Дапамогу аказалі самі. Ён Пашу па твару ўдарыў, разбіў акуляры. Адно вока стала горш бачыць. Таксама нападнік пашкодзіў машыну. Некалькі разоў ударыў. У той жа вечар Паша напісаў заяву ў міліцыю”.
Міліцыянты праглядзелі відэа з рэгістратара і ў той жа вечар затрымалі пасажыраў “Опеля”. Імі апынуліся мясцовыя жыхары. Сваякі нападнікаў прасілі Паўла не звяртацца ў міліцыю, а самі хлопцы на наступны дзень прыехалі выбачацца. Але прабачэнні былі не зусім шчырыя.
“Відаць, бацькі прымусілі прыехаць, — узгадвае сваячка Паўла і Таццяны. — Стаялі і хмыліліся: мы прыехалі, а вы прабачце нас. Маўляў, маладосць… Яны ўбачылі, што на машыне расійскія нумары і не разлічвалі, што іх будуць шукаць. Павел адказаў, калі б гэта толькі яго датычылася, магчыма, і дараваў, але вельмі напужалі жонку”.
Што чакае нападнікаў і ў якім стане зараз крымільная справа, Еўрарадыё пацікавілася ва ўпраўленні Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці.
“Інцыдэнт адбыўся 14 ліпеня 2018 года ў Драгічыне, — кажа афіцыны прадстаўнік СК Дзмітрый Іванюк. — У той вечар жыхар Драгічына 1994 года нараджэння наўмысна і беспрычынна, з хуліганскіх памкненняў, ударыў кулакам у твар пацярпелага. Таксама некалькі ўдараў ён нанёс па дзвярах аўтамабіля. 17 ліпеня адносна падазраванага была распачатая крымінальная справа па частцы 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (Хуліганства). Раней ён быў судзімы.
Кампанія складалася з некалькіх чалавек, але следствам аб’ектыўна ўстаноўлена, што супрацьпраўныя дзеянні здзяйсняў толькі адзін. Ён узяты пад хатні арышт”.