Хлопец забіў бабулю сваёй дзяўчыны, каб за яе грошы набыць спайс
Зламысніка затрымалі і праверылі на паліграфе.
У Слуцку затрымалі 19-гадовага мясцовага жыхара, якога падазраюць у забойстве 69-гадовай жанчыны. Міліцыянеры знайшлі цела ў падвале дома, дзе жыла пенсіянерка. Падчас расследавання забойства пад падазрэнне трапіў хлопец адной з унучак загінулай.
Як інфармуе прэс-служба Мінскай абласной міліцыі, затрыманы блытаўся ў паказаннях і моцна нерваваўся. Праверка на паліграфе паказала, што ён можа мець дачыненне да здзяйснення злачынства. Высветлілася, што 8 лістапада малады чалавек завітаў да жанчыны, падманам прымусіў яе спусціцца ў падвал, дзе некалькі разоў ударыў па галаве сякерай і сапёрнай рыдлёўкай.
Пасля гэтага хлопец замкнуў дзверы падвала на замок і падняўся ў кватэру. Ён забраў 300 тысяч рублёў, 80 долараў, 2 залатыя пярсцёнкі, завушніцы, крыжык і ланцужок. У Салігорску зламыснік здаў каштоўнасці ў ламбард за 3 млн 500 тысяч рублёў. Грошы патраціў на алкаголь і спайс.
Крымінальная справа распачата па артыкуле "забойства".
Фота — Delfi