Хлопец здымаў відэа пра алкагольную дэградацыю, а зрабіў порнаролік
На светлагорца пачалі крымінальную справу за выкладзены ў інтэрнэт відэаролік.
Катаючыся на роварах, 25-гадовы хлопец з сяброўкай прыехалі на светлагорскую набярэжную. Тут маладыя людзі сталі сведкамі скандальнага здарэння. Сярод белага дня п'яная з выгляду парачка займалася сэксам проста за сцэнай, размешчанай на набярэжнай. Як піша газета "Ранак", парачку не бянтэжылі ні зацікаўленыя гледачы-падлеткі на сцэне, ні выпадковыя мінакі.
Хлопец-раварыст зняў усё на відэа. І ўвечары 9 жніўня ён размясціў відэаролік на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте". Неўзабаве "герояў" светлагорскага порна пабачылі карыстальнікі інтэрнэту ў некалькіх светлагорскіх групах.
Аднак ужо на наступны дзень праваахоўнікі пачалі на аўтара відэа крымінальную справу — за выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем глабальнай камп'ютарнай сеткі. Другая частка артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў.
Малады чалавек растлумачыў следчаму, што сваім відэа хацеў паказаць, як дэградуюць людзі пад уздзеяннем алкаголю. Пра тое, што яго дзеянні носяць незаконны характар, хлопец не ведаў. Праўда, ад адказнасці гэта яго не вызваляе.