Хто ахоўвае прэзідэнта і апазіцыю?

25 сакавіка падчас мітынгу Аляксандра Мілінкевіча ў шарпаніне з міліцыянтамі штурхнулі, і ён, разам з жонкай, паваліўся на зямлю. Былому кандыдату ў прэзідэнты спатрэбіўся курс медычнай рэабілітацыі. Як гэта магло здарыцца? Дзе была ахова Мілінкевіча? На фотаздымках з акцыі выразна відаць, як спадара Аляксандра атачалі хлопцы ў чорным. Тлумачыць сам Аляксандр Мілінкевіч:

“Ведаеце, у мяне няма аховы. Я хаджу па Мінску заўсёды сам. Проста маладыя хлопцы прыходзяць і кажуць, што хочуць мяне бараніць. Я кажу: “Хлопцы, не абавязкова”, а яны ідуць. А ў гэты дзень былі хлопцы маладыя, але яны таксама кінуліся сваіх ратаваць.

Ведаеце, калі хочуць забіць, атруціць, то і так гэта зробяць. Хадзіць з аховай — гэта вельмі нязручна. Яна раздражняе мяне, раздражняе людзей, з якімі я сустракаюся. Няхай Лукашэнку ахоўваюць”.



А Лукашэнку ахоўваюць. Да былога старшыні Вярхоўнага Савету Мечыслава Грыба даходзяць чуткі, што сёння ў ахове прэзідэнта больш за тысячу чалавек. Гэта асобная структура з добра падрыхтаванымі людзьмі. Падрыхтоўка сапраўды добрая.

На штогадовых спаборніцтвах прафесійных целаахоўнікаў сек’юрыці беларускага прэзідэнта займае прызавыя месцы. У 2005 годзе, напрыклад, камандзе Лукашэнкі не было роўных у рукапашным баі, кіраванні аўтамабілем і стральбе з аўтаматычнай зброі.

Супрацоўнік службы бяспекі прэзідэнта Аляксей Шыбуневіч прызнаўся калісьці “Комсомольской правде в Беларуси”, што быць ахоўнікам у Аляксандра Рыгоравіча няпроста. Прэзідэнт “вядзе вельмі насычаны, актыўны лад жыцця. Кладзецца спаць а трэцяй уначы, а прачынаецца а сёмай раніцы”.

Яшчэ спадар Шыбуневіч зазначыў, што Лукашэнка вельмі любіць катацца на роліках, тады ахоўнікам даводзіцца паскараць хаду. Сек’юрыці Аляксандра Рыгоравіча нават на лыжы стала, каб не адставаць ад прэзідэнта на лыжні.

Мечыслаў Грыб, былы старшыня Вярхоўнага Савету, узгадвае часы, калі ў Беларусі толькі тры асобы мелі сек’юрыці. Гэта старшыня Вярхоўнага Савету, старшыня ўраду і з 1994 году — прэзідэнт.

Ды і то, ахоўнікаў гэтых можна было пералічыць па пальцах. Усе яны былі афіцэрамі 9-га аддзелу КДБ — аддзелу аховы высокапастаўленых асобаў. Працягвае Мечыслаў Грыб:

“У ахове старшыні Вярхоўнага Савету, якім я з’яўляўся на той час, і гэта была другая асоба ў нашай краіне, было ўсяго дзевяць чалавек і адзін аўтамабіль.

Яны ахоўвалі мяне на дзяржаўнай дачы ў Драздах, суправаджалі на працу і з працы. Калі я збіраўся ехаць кудысьці, яны зноў мяне суправаджалі.


Але калі я хацеў, каб іх не было, трэба было з імі дамаўляцца. Яны як быццам бы ахоўвалі мяне, але падпарадкоўваліся старшыні КДБ. У іх быў загад. Вось інструкцыя, і па гэтай інструкцыі яны павінны былі несці службу — прашу я іх аб гэтым ці не прашу…

Таму што калі я з імі дамоўлюся, яны зробяць нейкія паслабленні, іх чакаюць непрыемнасці. Але дамаўляцца даводзілася. Усе людзі, усе разумеюць”.


Аднак бываюць сітуацыі, калі чалавеку самому даводзіцца звяртацца па дапамогу ахоўнікаў. Так, падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006 года Аляксандра Мілінкевіча ахоўвалі не звычайныя хлопцы-добраахвотнікі з моладзевых арганізацый, а каманда з сямі прафесіяналаў. Расказвае адзін з былых ахоўнікаў Мілінкевіча:

“У абавязкі ўваходзіць абараняць кліента, абдумваць кожны яго крок, кантраляваць мясцовасць, выяўляць, ці не сочаць за ім. Калі ёсць эксцэсы, сыходзіць ад іх. Я суправаджаў Мілінкевіча ўвесь час.

За намі пастаянна ездзілі машыны, але гэта не значыць, што мы павінны ад іх уцякаць. Адзінае, што мы трымалі пад кантролем, усе гэтыя машыны.


Тады была такая сітуацыя, што трэба было ахоўваць. Ахоўваць не ад уладаў, а ад тых людзей, якія былі настроеныя супраць яго”.

Мець ці не мець персанальную ахову, сёння ў Беларусі можа вырашыць кожны сам. Адзінае, трэба будзе адказаць на пытанне: ад каго гэтая ахова патрэбна?..


Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі