Хто павышаў кошты на “камуналку”: міністэрствы ківаюць адно на адно

Хто павышаў кошты на “камуналку”: міністэрствы ківаюць адно на адно

"Хто гэтую балду прыдумаў? — запытваецца Аляксандр Лукашэнка пра новыя кошты ў "жыроўцы". — Значыць, начапіце кайданкі тым, хто не выканаў даведзеныя па маім загадзе тарыфы. Тут павінен быць спіс, хто гэтую "балду" прыдумаў. Хопіць з імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плануем, а яны робяць усё па-свойму".

 

Хто павысіў кошты?

 

Ліфт

Тарыф зацверджаны Рашэннем Мінгарвыканкама ад 13 студзеня 2016 года №18. 617 рублёў з кожнага квадратнага метра агульнай плошчы кватэры (раней не было).

"Кошты падымалі ў Міністэрстве ЖКГ", — адразу адказваюць у "Мінскай жыллёвай гаспадарцы".

У міністэрстве іншая пазіцыя:

"Плата за тэхнічнае абслугоўванне ліфта ўсталёўвалася Мінгарвыканкамам у Мінску”.

Плата за эксплуатацыю ліфта, апроч усяго, прапісвалася ў прэзідэнцкім указе №535.

 

Ацяпленне (тарыф вырас на 33%)

Пад Пастановай Савета міністраў ад 5 студзеня, якое павышае тарыфы на газ і ацяпленне, подпіс прэм'ер-міністра Андрэй Кабякова.

“Ацяпленне — гэта Мінэканомікі і Мінэнерга", — называюць адказных за павышэнне коштаў у Міністэрстве ЖКГ.

У Мінэканомікі ад адказнасці не ўхіляюцца, але кажуць, што над тарыфамі працуе і Мінэнерга, і Міністэрства ЖКГ, якое ад гэтага адхрысцілася:

“Гэта сумесная праца некалькіх дзяржорганаў, дзе Мінжылкамгас — першы. Вы не першыя, хто сутыкаецца з такім адсылам да Мінэканомікі з боку Мінжылкамгасу. Саромеюцца, напэўна”.

 

Вада і каналізацыя (у лютым вырасце ў 3,5 разы)

Тарыфы ўведзеныя Рашэннем Мінгарвыканкама ад 13 студзеня 2016 года №18. Капрамонт і тэхабслугоўванне дома — таксама тут.

“Тарыфы зацвярджаюцца рашэннем Мінгарвыканкама”, — пацвярджаюць Еўрарадыё ў Мінскводаканале.

Пачуць меркаванне ад Мінгарвыканкама немагчыма: два дні кампетэнтны супрацоўнік не адказвае на званкі. Хутчэй за ўсё, прычына не ў патрабаваннях прэзідэнта начапіць на адказных кайданкі: у прыёмным пакоі запэўніваюць, што спецыяліст на месцы.

 

Дарэчы, 18 дзён таму на прэс-канферэнцыі старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац (які прысутнічаў на нарадзе ў прэзідэнта пра ЖКГ) станоўча гаворыць аб новаўвядзеннях у аплаце "камуналкі":

“Мы ідзем па правільным шляху. Раней атрымлівалася: чым большая ў чалавека кватэра, тым больш дзяржава датавала паслугі. За ўсё трэба плаціць. Прычым аплата павінная быць зразумелай і празрыстай. Апошнія дзеянні ўладаў у гэтым кірунку я лічу правільнымі. Мы ўбачым, колькі і за што мы плацім. Зможам і самі рэгуляваць, колькі нам плаціць”.

Можа, трэба было сказаць гэта прэзідэнту?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі