Хто з апазіцыйных VIP-персон хоча стаць мясцовым дэпутатам?
У АГП сабралі агітбрыгаду, Мілінкевіч не хоча быць “сельскім” дэпутатам, а Дзмітрыева на выбары не пусцілі.
Намеснік старшыні партыі левых “Справядлівы свет” Валеры Ухналёў найперш хваліцца VIP-палітыкамі.
Валеры Ухналёў: “Гэта Калякін Сяргей Іванавіч. Ён будзе. Я сёння падаю на рэгістрацыю ініцыятыўную групу. Можна назваць яшчэ былых дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13 склікання: Дземідаў, Хоміч, Майструк. Магу яшчэ назваць Беразіенку — доктар навук, прафесар з Магілёва”.
Сяргей Калякін
Усяго ў спісах партыі левых “Справядлівы свет” зараз 182 патэнцыйныя кандыдаты, Валеры Ухналёў спадзяецца, што іх будзе каля 200. Але больш VIP-персон суразмоўца Еўрарадыё прыгадаць не змог.
Кампанія “Гавары праўду” замахваецца на 500 кандыдатаў у мясцовыя дэпутаты. Але VIP-персон сярод іх няшмат. Ды і тыя — гульцы другога дывізіёну, імёны іх не шмат кажуць далёкім ад палітыкі людзям. Намеснік лідара кампаніі Сяргей Вазняк называе сябе, Таню Караткевіч, Ігара Драко. Праўда, ёсць у рэгіёнах і інвалід-калясачнік, і доктар хуткай дапамогі, і старшыня савета рынка. Што тычыцца Уладзіміра Някляева, то, кажа Вазняк, мясцовыя выбары — не яго ўзровень. А вось Андрэя Дмітрыева на выбары… не пусцілі самі “някляеўцы”!
Сяргей Вазняк: “Калі б ён пайшоў, то яму б давялося праводзіць адну моцную кампанію ў сваёй акрузе. Мы сказалі: “Будзь ты лепш начальнікам штаба і працуй на 400-500 моцных кампаній”.
Уладзімір Някляеў і Сяргей Вазняк
У Аб’яднанай грамадзянскай партыі пайшлі яшчэ далей і не пусцілі на выбары ўсіх сваіх VIP — з іх сабралі агітбрыгаду, распавядае старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
Анатоль Лябедзька: “Станіслаў Багданкевіч, Міхась Чыгір, Юрась Хашчавацкі, Зінаіда Бандарэнка і астатнія будуць удзельнічаць як давераныя асобы. Прычым як такія мабільныя, якія будуць удзельнічаць у мерапрыемствах і ў Мінску, і ў рэгіёнах”.
Сам Лябедзька такіх санкцый пазбег і ініцыятыўную групу зарэгістраваў — пазмагаецца за давер выбаршчыкаў у раёне Камароўскага рынку.
Анатоль Лябедзька
Віталь Рымашэўскі не сумняваецца, што ў спісах Беларускай хрысціянскай дэмакратыі будзе “крыху больш за 200 чалавек”, але называць імёны VIP-актывістаў адмаўляецца. Маўляў, спісы яшчэ не зацверджаныя. Агучвае толькі імя сустаршыні аргкамітэта БХД Георгія Дзмітрука. У спісе БСДП (Грамада) зараз 88 кандыдатаў, але старшыня партыі Ірына Вештард не здолела назваць ніводнага VIP і параіла з гэтым пытаннем звяртацца да рэгіянальных лідараў.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у адказ на пытанне Еўрарадыё называе імёны толькі двух, на яго думку, VIP. У Мінску будзе вылучацца Уладзімір Падгол, у Хоцімску — былы намеснік старшыні Хоцімскага райвыканкама Валеры Каранкевіч. Ці будзе змагацца за мандат дэпутата Мінгарвыканкама старшыня партыі Аляксей Янукевіч, Кастусёў… не ведае. А сам будзе дапамагаць маладым — як “фронтаўцам”, так і тым, хто ідзе па спісах “Гавары праўду!”
Аляксей Янукевіч і яго намеснікі — Ігар Лялькоў ды Рыгор Кастусёў
Ні лідар Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, ні яго намеснік Юрась Губарэвіч на выбары не пойдуць. Чаму? Першы прапісаны ў вёсцы Бершты Шчучынскага раёна, другі — у Белаазёрску. Балатавацца па месцы прапіскі ніжэй за іх… палітычныя амбіцыі.
Юрась Губарэвіч: “Я думаю, што ягоны (Аляксандра Мілінкевіча. — заўв. Еўрарадыё) патэнцыял варты большага, чым пасялковы савет у Шчучынскім раёне. А я ўжо шмат гадоў жыву ў Мінску і сувязь паступова страчваецца — наўрад ці я здолею з Мінску правесці там эфектыўную кампанію”.
Аляксандр Мілінкевіч
Тым не менш, прызнаецца Губарэвіч, на выбары пойдзе другі намеснік Мілінкевіча — Алесь Лагвінец. І абяцае бліжэйшым часам сюрпрыз — вядуцца перамовы з “сапраўднымі” VIP-персонамі, каб яны ішлі на выбары пад сцягам Руху.
Абяцаннем сюрпрызу з імёнамі VIP-кандыдатаў інтрыгуе і намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч. Але ўжо зараз называе імёны гумарыста Яўгена Крыжаноўскага, чэмпіёна свету па баях без правіл Сяргея Гура. І хваліцца тым, што толькі ў Мінску будзе балатавацца каля 30 “прадстаўнікоў буйнога і сярэдняга бізнесу”. Праўда, удакладняе, імёнаў такіх бізнесменаў-алігархаў, як Чыж ці Пефціеў, у спісе ЛДП няма. Размова ідзе пра тых “буйных” бізнесменаў, якія зарабляюць 4-5 тысяч долараў у месяц.
Яўген Крыжаноўскі
Дарэчы, у 2010 годзе дэпутатамі мясцовых саветаў сталі 10 апазіцыянераў. Праўда, ніводнага так званага VIP сярод іх няма. Усё больш людзі простыя: дактары, настаўнікі, пенсіянеры…
Фота: Змітра Лукашука, http://bymedia.net/