Іх норавы: Алімпіяда, пратэсты дальнабойшчыкаў, загадкі Пуціна і паша ў снезе

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Урокі Канады: Трудо перасцерагае ад прымянення сілы на адрас пратэстоўцаў. Урокі Расіі: галоўнае — усіх заблытаць. Урокі Турцыі: нават калі снегу карове па пояс, можна знайсці плюсы.

Коратка пераказваем навіны гэтага тыдня.

 

Ужо можна ўключаць

Алімпіяда ў Пекіне ўжо адкрываецца.

Адкрыццё Алімпіяды можна глядзець тут

І гэта ўжо другія Алімпійскія гульні, якія праходзяць у разгар пандэміі. І другія Алімпійскія гульні, убачыць якія можна будзе ў асноўным па тэлевізары: трыбуны будуць запоўненыя толькі на траціну.

І вельмі няшмат хто з кітайцаў зможа трапіць на гэтыя трыбуны: доступ дазволены толькі сябрам партыі і супрацоўнікам дзяржкампаній, дый тыя павінны будуць выконваць шэраг кавід-прадпісанняў.

Але калі Алімпіяда ў Токіа праходзіла ва ўмовах ізаляцыі менавіта праз каранавірус, то Пекін сутыкнуўся яшчэ і з палітычнай ізаляцыяй. Урадавыя дэлегацыі шэрагу краін праігнаруюць цырымонію адкрыцця Гульняў. Прычына — занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Кітаі.

Слоган Алімпіяды ў Кітаі — "Разам для супольнай будучыні". Але пакуль што гэта толькі слоган.

"Разам для супольнай будучыні"

Пуцін і НАТА

На гэтым тыдні яны так і не дамовіліся. Не так даўно НАТА перадало Пуціну свой адказ на прапановы па гарантыях бяспекі. На сустрэчы расійскага прэзідэнта з венгерскім калегам Віктарам Орбанам стала зразумела, што адказ Пуціну не спадабаўся. Маўляў, "прынцыповыя расійскія заклапочанасці былі праігнараваныя".

Самая прынцыповая расійская заклапочанасць — недапушчэнне пашырэння НАТА на ўсход. НАТА такіх абяцанняў не дае, сітуацыя здаецца невырашальнай.

На сустрэчы з Орбанам Пуцін растлумачыў "прынцыповую заклапочанасць".

— У дактрынальных дакументах Украіны напісана, што яны збіраюцца вярнуць Крым, у тым ліку ваенным шляхам. Уявім, што Украіна сябра НАТА, нашпігаваная зброяй — і пачынае аперацыі ў Крыме, не кажу нават пра Данбас. Гэта суверэнная расійская тэрыторыя! Нам што, ваяваць з блокам НАТА? Хто-небудзь пра гэта хоць што-небудзь падумаў?

Нельга сказаць, што пра Расію ў гэтыя месяцы свет думае недастаткова. З канца восені ўсе рыхтуюцца да эскалацыі канфлікту на расійска-ўкраінскай мяжы. Але CNN піша, што на цяперашні момант, здаецца, ніхто так і не разумее, чаго чакаць ад Масквы.

"Уладзімір Пуцін зноў гэта зрабіў. Ён прывёў Вашынгтон у шаленства. Ва ўсіх ёсць тэорыя адносна планаў расійскага прэзідэнта ў дачыненні да Украіны. Але на самай справе ніхто іх не ведае. Можа, і ён сам".

 

Гэта не тое, што трэба з лёгкасцю пачынаць

А ў Канадзе маштабныя пратэсты дальнабойшчыкаў. Тысячы пратэстоўцаў прыбылі ў сталіцу ў мінулыя выходныя. Яны выступаюць супраць мандатаў на вакцынацыю. Гаворка пра тое, што ўрад абавязаў непрышчэпленых дальнабойшчыкаў пасля вяртання з ЗША выконваць абавязковы двухдзённы каранцін.

Неўзабаве ўдзельнікі акцыі пачалі выступаць і супраць іншых кавід-абмежаванняў і дзеянняў урада Джасціна Трудо.

Каля 90% дальнабойшчыкаў прышчэплена цалкам, як і сам Трудо, піша ВВС. Ён назваў удзельнікаў дэманстрацыі "невялікай маргінальнай меншасцю". Зрэшты, у мэтах бяспекі сталіцу ў дні пачатку пратэстаў пакінуў.

За тыдзень многія пратэстоўцы разышліся, засталося каля 250 чалавек. Але да выходных яны могуць вярнуцца. Прымяняць у дачыненні да іх сілу прэм'ер пакуль не плануе.

 

Их нравы: Олимпиада, протесты дальнобойщиков, загадки Путина и пастбище в снегу
Джасцін Трудо / Міністэрства абароны Украіны

Хоць ён і называе ўдзельнікаў акцыі "маргінальнай меншасцю", але кажа, што "трэба быць вельмі, вельмі асцярожным, перш чым разгортваць узброеныя сілы ў сітуацыях, звязаных з канадцамі". Тут бы і еўрапейцам павучыцца: кадры разгону пратэстаў антываксераў уразілі не толькі прапаганду.

Гэта не тое, што трэба лёгка пачынаць, лічыць прэм'ер.

 

Такія навіны

І адзін медыйны скандал. Расійскае МЗС абвясціла пра спыненне працы ў краіне Deutsche Welle — акрэдытацыі трэба здаць на працягу пятніцы. Так улады Расіі адказалі на забарону трансляцыі тэлеканала RT DE у Германіі.

У кампаніі лічаць гэта "празмернай рэакцыяй".

"З намі адбываецца тое, што здараецца са сродкамі масавай інфармацыі толькі ў аўтакратыях", — заявілі ў кампаніі.

Незадоўга да гэтага ў Германіі спецыяльны орган з 1 лютага забараніў распаўсюд інфармацыі RT DE праз спадарожнік, інтэрнэт і мабільныя платформы. Прычына — праграма "выпускаецца без дазволу, які не быў запытаны".

Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў назваў гэта не чым іншым, як "замахам на свабоду слова".

Карацей, сутнасць канфлікту вы зразумелі. А досвед Беларусі, зрэшты, паказвае, што можна закрыць усё, але чытачы ўсё роўна знойдуць доступ да інфармацыі. Дарэчы, Еўрарадыё вельмі зручна чытаць праз праграму, якую можна спампаваць у PlayMarket.

 

Для тых, хто скардзіцца на надвор'е

Так жыхары адной з горных турэцкіх вёсачак выводзяць жывёлу на прагулку.

Вось як гэта было

На надвор'е яны не скардзяцца, а снег пасля некалькіх засушлівых гадоў лічаць блаславеннем. Дзякуючы снегападу вады ў горах становіцца больш. Сёлета, якраз дзякуючы снегападам, фермеры чакаюць добры ўраджай. Яшчэ і фота добрыя атрымаліся — летам можна будзе пераглядаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі