Іх норавы: хто такі Санта, музыка пасля тарнада, камеры ў барацьбе з кавідам

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава

Як гаварыць з дзіцем пра Дзеда Мароза, не сумаваць, калі твой дом разбураны, і выбіраць для прагляду толькі добрыя шоу. Чарговы агляд навін з усяго свету ў рэгулярнай падборцы Еўрарадыё.
 

Хто гэты чалавек за раялем

Дом Джордана ў Кентукі разбурыў тарнада. На сваіх месцах засталіся мікрахвалёўка, кніжная шафа і раяль. І тысячы людзей па ўсім свеце былі кранутыя тым, як Джордан, знаходзячыся ў сваім разбураным доме, грае на інструменце.

Джордан рады, што змог кагосьці падбадзёрыць

У яго твітары графа пра сябе запоўненая вельмі сціпла. Джордан піша, што ён сямейны чалавек, які ўсяго сябе прысвяціў таму, каб яго дзеці выраслі добрымі людзьмі. А яшчэ ён вучыцца лічыць дні, каб усвядоміць, як мала часу яму дадзена і як важна правесці яго з карысцю.

Мелодыя, якую Джордан грае на раялі ў разбураным доме, — матыў песні "There's Something About That Name", у якой праслаўляюць Бога.

Джордан вернік. Калі ён даведаўся, што гэта відэа разляцелася па сеціве, то напісаў у сябе ў твітары:

"Для мяне гонар мець магчымасць падзяліцца верай у Бога ў гэтыя цяжкія часы".

 

Камера пазнае вас у твар

Паўднёвая Карэя хоча выкарыстоўваць сістэмы распазнавання твараў, каб адсочваць перамяшчэнні заражаных COVID-19. Будуць задзейнічаны тысячы камер відэаназірання. Зразумела, не абышлося без апаскі: ці не занадта гэта непрыхаванае ўварванне ў прыватнае жыццё?

Праект плануецца рэалізаваць у Пучхоне, адным з самых густанаселеных гарадоў краіны. Ён можа запрацаваць ужо ў студзені. Адсочваць будуць перамяшчэнні інфікаванага чалавека і яго кантакты. Правераць таксама, ці насіў заражаны маску. Трэба даць асабістую згоду на тое, каб сістэма пазнавала цябе ў твар. У выпадку адмовы, зрэшты, яна зможа паспрабаваць даведацца па адзенні або сілуэце.

Их нравы: кто такой Санта, музыка после торнадо, камеры в борьбе с ковидом
Камера / pixabay

У Карэі ёсць цэлая каманда, якая нястомна працуе над аналізам кантактаў заражаных кавідам, каб скараціць рызыку перадачы віруса. Там спадзяюцца, што тэхналогіі дазволяць гэтай камандзе выспацца: сістэма зробіць усё хутчэй.

А праціўнікі сістэмы спадзяюцца, што далей за патрэбы пандэміі тэхналогіі не пойдуць.

 

Антыўтопія на лёдзе

У Паўднёвай Дакоце настаўнікі — адна з самых нізкааплатных прафесій. Хакейная каманда хацела іх падтрымаць, але атрымалася дрэнна.

На хакейным матчы зладзілі спаборніцтва: рассыпалі на дыване доларавыя купюры і выпадковым чынам выбралі дзесяць чалавек з тых, хто даслаў заяўкі на ўдзел. За пяць хвілін педагогі павінны былі сабраць столькі доларавых купюр, колькі змогуць.

Відэа стала вірусным, гледачы асудзілі арганізатараў акцыі. Тыя прынеслі свае выбачэнні: сказалі, маўляў, хацелі зрабіць займальнае шоу, а атрымалася зневажальна для яго ўдзельнікаў.

Цяпер арганізатары гэтага прадстаўлення, якое ўжо параўналі ў сеціве з "Гульнёй у кальмара", разам з выбачэннямі перададуць настаўнікам дадатковыя грашовыя прызы. Педагогі ўжо сказалі, што выдаткуюць іх на закупку партаў для школы.

 

Залаты іерогліф

Многія думалі, што японская Алімпіяда прайшла вельмі дрэнна: маўляў, пасля таго, як гледачоў на яе не пусцілі, іншага выніку быць і не магло.

А вось японцы так не лічаць. І выбралі іерогліф года з адсылкай да Алімпіяды. Гэты іерогліф азначае "золата" — знак павагі да сваіх спартсменаў, якія гэтым летам выйгралі рэкордную колькасць залатых медалёў.

А здавалася б — пандэмія, гульні без гледачоў. Падводзячы вынікі года, не забудзьцеся падлічыць свае залатыя медалі.

 

Як расказваць дзецям пра Санту

Італьянскі біскуп Антоніа Стальяна, выступаючы перад дзецьмі, расказаў ім, хто такі Санта Клаус. Ён нагадаў, што правобразам Санты стаў шанаваны ў хрысціянстве святы Мікалай Цудатворац, які вядомы сярод іншага тым, што дарыў падарункі бедным. А вось чырвоны касцюм з футравай аблямоўкай прыдумала "Кока-Кола" для рэкламы.

Их нравы: кто такой Санта, музыка после торнадо, камеры в борьбе с ковидом
Хто такі Санта Клаус? / pixabay

Бацькі спачатку абурыліся і вырашылі, што біскуп уздумаў ламаць сямейныя традыцыі і няправільна расказвае дзецям пра Раство. Але пазней усе адно аднаго зразумелі і наступіла перадсвяточнае замірэнне. А Стальяна ў мясцовай газеце растлумачыў, што спрабаваў данесці дзецям.

"Рэч у тым, што Раство больш не належыць хрысціянам. Атмасфера Раства — гірлянды і пакупкі — замяніла Раство",сумна канстатаваў ён.

У епархіі з ім пагадзіліся. Бурыць дзіцячыя фантазіі не трэба. Да таго ж Санта-Клаус — выдатны вобраз, які дэманструе важнасць шчодрасці і дабрыні. Вось толькі цяпер вобраз Санты страчвае сваё значэнне: яго звязваюць толькі з імкненнем купляць, купляць і зноў купляць. І перадсвяточны шопінг замяніў свята.

"Таму важна пераацаніць яго і надаць яму новае значэнне", — сказалі ў епархіі.

З чаго прапануюць пачаць? Хай будзе менш падарункаў, якія можна спажываць, і больш падарункаў, якімі можна падзяліцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі