Іх норавы: Кітай супраць Ілана Маска, новыя старыя талібы і адна каробка цукерак

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Што б ні адбывалася ў краіне і свеце, мы ўсё роўна будзем выбіраць навагоднія падарункі блізкім. І раскажам неймаверную гісторыю адной каробкі цукерак, якую два браты перадорваюць адзін аднаму ўжо трыццаць гадоў!

Але спачатку — горшыя навіны.
 

"Талібан" 2.0.: новыя забароны

Памятаеце, як СМІ пісалі: не верце талібам, яны не змяніліся? Дык вось, праз некалькі месяцаў ва ўладзе талібы ўводзяць новыя абмежаванні: афганскім жанчынам забаранілі падарожнічаць на далёкія адлегласці адным.

Далёкія адлегласці — гэта больш за 72 кіламетры. Жанчыну ў такім падарожжы абавязкова павінен суправаджаць сваяк-мужчына. Уладальнікаў транспартных сродкаў заклікаюць не браць на борт жанчын без галаўных убораў. Ах так, яшчэ ў транспарце не павінна гучаць музыка.

Их нравы: Китай против Илона Маска, новые старые талибы и одна коробка конфет
Афганістан / Zohra Bensemra / Reuters

Большасць сярэдніх школ для дзяўчатак па-ранейшаму закрытыя — па-ранейшаму "часова". Большасць жанчын па-ранейшаму не могуць хадзіць на працу.
 

Як сустрэнеш Новы год

Новы год можа пачацца сустрэчай фармату "Расія — НАТА". У Белым доме паведамілі, што яна намечаная на 12 студзеня. Калі сустрэча з Расіяй адбудзецца, то яна стане першай за 2,5 года.

Сустрэчу спланавалі даволі хутка. Коратка пераказваем храналогію: увосень СМІ пачалі пісаць, маўляў, Расія рыхтуе вайсковае ўварванне ва Украіну.

З пачаткам зімы, 7 снежня, у часе анлайн-сустрэчы з амерыканскім прэзідэнтам Джо Байдэнам Уладзімір Пуцін заклікаў не перакладаць адказнасць за сітуацыю на расійска-ўкраінскай мяжы на Маскву. Па словах Пуціна, менавіта НАТА "робіць небяспечныя спробы асваення ўкраінскай тэрыторыі і нарошчвае ваенны патэнцыял" ля межаў РФ.

Неўзабаве Байдэн прапанаваў правесці сустрэчу, у якой прымуць удзел прадстаўнікі Расіі і краін альянсу. Крэмль пагадзіўся: гатовыя сустрэцца ў любой нейтральнай краіне.

А 15 снежня Масква дала Вашынгтону зразумець, што разумее пад "гарантыямі бяспекі". Амерыканцам перадалі праекты адпаведнай дамовы. Такім чынам, сярод гарантый, якія патрабуе Масква, — непашырэнне НАТА на усход, забарона былым краінам Савецкага Саюза ўступаць у альянс. А яшчэ забарона на ваенную дзейнасць на тэрыторыі Украіны.

Генеральны сакратар НАТА, зрэшты, заяўляў, што альянс не пойдзе на кампраміс. Маўляў, толькі Кіеў і самі краіны альянсу могуць вырашаць, ці далучыцца Украіна да НАТА. А Маскве, па словах генеральнага сакратара, гэта ніяк не пагражае.

Карацей, на сустрэчы 12 студзеня можа быць вельмі цікава.
 

І яшчэ трохі мілітарызму

Войска ЗША ўзяло на службу робата! Без панікі, ён проста працуе на кухні і можа прыгатаваць ідэальную грэцкую салату. Машынны зрок дазваляе распазнаваць інгрэдыенты. І Альфрэд не проста змешвае іх у патрэбнай прапорцыі, ён абавязкова дасць знаць, калі прадукты скончыліся.

Такі вось ланч

Навошта Альфрэд патрэбны на кухні? У пандэмію такі работнік знізіць рызыку перадачы вірусаў і мікробаў. Ну і проста разгрузіць персанал, які зможа заняцца іншай працай.

Калі Альфрэд пройдзе выпрабавальны тэрмін у салата-бары, яго навучаць смажыць стэйкі, карыстацца фрытурніцай і іншымі спосабамі служыць на карысць сытасці амерыканскага войска.
 

Не смеціць у космасе!

Кітай пасварыўся з Іланам Маскам. Пекін кажа, што яго арбітальная станцыя ўжо два разы за год ухілялася ад Starlink — спадарожнікаў Маска, якія разносяць па свеце высакахуткасны інтэрнэт.

Цяпер на арбіце лётае 1,9 тыс. спадарожнікаў, а па планах Маска іх павінна быць 12 тысяч. Мэта Starlink — раздаць надзейны інтэрнэт у месцах, дзе ён дарагі, працуе з перабоямі ці ўвогуле недаступны.

Карацей, кітайскія сацсеткі тут жа паўсталі супраць Маска. Хтосьці вінаваціць яго ў тым, што смеціць у космасе, хтосьці наогул называе "новай зброяй" ЗША. На самай справе навукоўцы таксама выказвалі непакой наконт гэтага праекта Маска. Маўляў, на арбіце ўжо і так лётае каля трыццаці тысяч розных спадарожнікаў і іншых аб'ектаў. То бок абломкаў і касмічнага смецця.

Их нравы: Китай против Илона Маска, новые старые талибы и одна коробка конфет
А яшчэ "Старлінк" Маска рэгулярна прымаюць за НЛА, таму што выглядае ён вось так

Тым часам Кітай у космасе таксама смеціць, нагадваюць Штаты. Guardian піша, што за апошнія 10 гадоў амерыканская арбітальная станцыя некалькі разоў манеўравала, каб ухіліцца ад абломкаў, якія пакінуў пасля сябе Кітай у 2007 годзе. Пекін тады выпрабоўваў проціспадарожнікавыя сістэмы.

Карацей, хто б ні смеціў у космасе, пакутаваць ад гэтага астранаўтам на МКС. Нядаўна праз пагрозу касмічнага смецця давялося нават тэрмінова адмяняць выхад у адкрыты космас.
 

Галоўнае не падарунак

Шмат гадоў таму, у 1987-м, Раян падарыў свайму брату Эрыку набор цукерак Santa's Candy Book, піша АР. Эрык не любіў гэтыя цукеркі, і Раян ведаў гэта. Карацей, набор прастаяў на паліцы Эрыка да наступнага года.

Их нравы: Китай против Илона Маска, новые старые талибы и одна коробка конфет
І вось гэтыя цукеркі / Ryan Wasson / Facebook

Праз год Эрык вырашыў, што браток даўно забыўся пра свой падарунак, і перадарыў яму цукеркі. Але Раян усё памятаў! Карацей, год за годам браты перадорваюць адзін аднаму гэтую каробку цукерак. Працэс дарэння — свайго роду перформанс. Аднойчы цукеркі замарозілі ў кубе лёду, іншым разам — схавалі ўнутры жэле, а аднойчы іх падавалі на срэбным блюдзе ў рэстаране.

Карацей, да працэсу далучыліся ўжо і іншыя сямейнікі, і жыхары Нью-Гэмпшыра. Гэтай традыцыі — а значыць, і гэтым цукеркам! — ужо больш за трыццаць гадоў!

А цяпер ідзіце па падарункі і прыдумайце што-небудзь настолькі ж легендарнае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі