Іх норавы: кніжны злодзей, самаізаляцыя на борце і балет для вельмі дарослых

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Дрэнныя навіны вы можаце знайсці і самі, а мы сёння сабралі для вас толькі добрыя.
 

Сумленны злодзей

З дабрачыннай кнігарні ўкралі набор першых асобнікаў серыі кніг "Уладар пярсцёнкаў". Што? Мы абяцалі толькі добрыя навіны? Атрымайце. "Выкрадальнік" гісторыі пра Фрода сам вярнуў іх у краму!

Кнігі планавалася прадаць з аўкцыёну, а атрыманыя грошы накіраваць у хоспіс. У дабрачыннай арганізацыі, выявіўшы крадзеж, заявілі, што яны "засмучаныя": кнігі маглі б сабраць значную суму на работу хоспіса.

Их нравы: книжный вор, самоизоляция на борту и балет для очень взрослых
Пярсцёнак усеўладдзя / pixabay

І кніжны злодзей пачуў! Ён ціхенька падкінуў кнігі ў краму, ды так і застаўся непазнаным.

Хоспіс, якому дапамогуць грошы ад продажу кніг, падтрымлівае больш за 2,9 тысячы пацыентаў, іх сямейнікаў і тых людзей, якія страцілі блізкіх.

"Відавочна, хтосьці падумаў пра гэта і сумленна вырашыў, што, магчыма, зрабіў нядобра".

 

А вось і не позна

Пакуль вы падводзіце вынікі года, Паслухайце гісторыю пра "ніколі не позна". Жыхарка Вялікабрытаніі арганізавала балетны клас. Усе танцоркі старэйшыя за 55 гадоў.

Па-першае, гэта карысная фізічная актыўнасць, па-другое, гэта добра для стымуляцыі кагнітыўных функцый: трэба пастаянна трымаць у галаве парадак рухаў. Па-трэцяе — так-так, гэта проста цікава і прыгожа.

Адна з балерын прызналася: з дзяцінства марыла пра "пачку", заўсёды хацела займацца балетам. Але грошай на ўрокі танцаў не было. Затое цяпер яна можа сабе дазволіць балетны клас — і толькі паспрабуйце сказаць, што яна не падыходзіць па ўзросце. Дзеля адказаў на такія заўвагі балерына, якая сябе паважае, нават не падымецца з пліе.

Толькі зірніце на гэты балетны клас!

Пяць гадзін палёту на самаізаляцыі

Гісторыя пра сапраўдную сацыяльную адказнасць. Амерыканская школьная настаўніца Марыса ляцела ў Ісландыю і раптам адчула боль у горле.

З сабой на борце самалёта ў яе быў набор для правядзення экспрэс-тэста на каранавірус. І тэст даў станоўчы вынік.

Марыса ведала, што па свеце разгульвае "омікрон" — больш заразны штам звычайнага каранавіруса. І яна пайшла на самаізаляцыю, не сыходзячы з борта самалёта, — гэта значыць пайшла ў прыбіральню і правяла там пяць гадзін! Бортправаднік падаваў ёй ежу і напоі.

Знаходзячыся ў прыбіральні, Марыса запісала відэа для тык-тока — яго паглядзелі больш за 4 млн разоў. Вось бачыце — сацыяльную адказнасць нават можна манетызаваць. Прынамсі, у прагляды.

 

Адзін дома

Вось што бывае, калі хтосьці застаецца адзін дома. Брытанец Флэтчэр каторы год упрыгожвае дом да святаў яркімі электрычнымі гірляндамі. Але цяпер вырашыў пайсці далей і дадаў дэкарацый з фільма. Сёлета ён выбраў для натхнення "Адзін дома", расказвае ВВС.

Прагуляўшыся вакол дома, можна ўбачыць адсылкі да розных эпізодаў фільма. І нават самога васьмігадовага Кевіна на даху. Тыя, каму інсталяцыя ну вельмі ўжо спадабалася, могуць пакінуць пару манет — усе сабраныя грошы сям'я перадасць на дабрачыннасць.

Гэтая гісторыя як бы намякае, што вам пара адпраўляцца сустракаць Новы год. І ў ім мы вас без навін таксама не пакінем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі