Іх норавы: мітынг скандальнага Зэмура, сіліконавая рука і $1500 за ПЛР-тэст
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Правы французскі палітык Эрык Зэмур правёў першы мітынг. А Кітай настолькі ачысціўся, што дзе-нідзе за станоўчыя тэсты на "кавід" можна атрымаць нядрэннае ўзнагароджанне. Калі, вядома, расказаць пра ўсе свае кантакты.
Чытайце навіны з усяго свету ў рэгулярным кароткім аглядзе Еўрарадыё.
"Як быццам збіралася знішчыць Зямлю"
"Спачатку я падумала, што гэта выбух бомбы... Раптам стала цёмна, як быццам яно збіралася знішчыць Зямлю", — так жыхарка Інданезіі расказвае пра вывяржэнне вулкана Семеру.
У суботу вулкан выкінуў над сабой слуп попелу і газу, і ад гэтага неба над найбліжэйшымі населенымі пунктамі пацямнела. Як мінімум 15 чалавек загінулі, 27 зніклі без вестак, тысячы былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
Ратавальнікі працягваюць шукаць тых, хто выжыў, прарываючыся праз тоўстыя пласты вулканічнага попелу і абломкаў будынкаў.
У М'янме першы прысуд
Сёння М'янма пачула першы прысуд лідару партыі "Нацыянальная ліга за дэмакратыю" Аунг Сан Су Чжы.
Яе партыя атрымала перамогу на леташніх парламенцкіх выбарах. Вайскоўцы засталіся незадаволеныя тым, што партыю, якую яны падтрымлівалі, абышлі. І ў лютым у М'янме адбыўся вайсковы пераварот.
Гэты прысуд для Су Чжы можа стаць не апошнім. Наперадзе іншыя суды. Адвакаты палітыка кажуць: вайсковыя генералы хочуць, каб яна памерла ў турме.
Адказваючы на пытанні журналістаў пра тое, як яна адчувае сябе цяпер, адвакаты кажуць: "Не, яна не "акей".
Аунг Сан Су Чжы за сваё жыццё правяла ў зняволенні каля 15 гадоў. Яна была ганаравана Нобелеўскай прэміяй міру — за сваю барацьбу за дэмакратыю ў М'янме. У 2019 годзе ёй давялося абараняць М'янму ў судзе ААН, калі краіну і яе сілавыя ведамствы абвінавачвалі ў генацыдзе ў дачыненні да мусульман-рахінджа.
Першы мітынг Зэмура
У палку ўльтраправых французаў прыбыло. Журналіст Эрык Зэмур, як чакаецца, можа стварыць канкурэнцыю Марын Ле Пен на будучых выбарах. Праўда, першы ж мітынг не задаўся: калі Зэмур прабіраўся праз натоўп, яго схапілі за шыю. Усё скончылася добра, супрацоўнікі службы бяспекі паспелі ўмяшацца.
Зэмур усё ж выступіў з прамовай. На мітынг прыйшло каля дзесяці тысяч чалавек — але то былі не толькі яго прыхільнікі. Калі Зэмур выступаў, са сваіх месцаў падымаліся яго апаненты ў футболках з антырасісцкімі слоганамі. Ад прыхільнікаў Зэмура ў іх бок ляцелі крэслы.
Зэмур адпрэчваў абвінавачанні ў расізме і жанчынаненавісніцтве і запэўніваў, што ён адзіны, хто змагаецца за свабоду слова і свабоду думкі.
"Калі я выйграю гэтыя выбары, гэта будзе не чарговая змена ўлады, а заваёва найвялікшай краіны ў свеце", — сказаў ён прысутным у часе шматслоўнай прамовы.
Сваю партыю, якая нядаўна ўтварылася, Зэмур назваў "Рэканкістай" — адсылка да перыяду гісторыі, калі хрысціянскія войскі выгналі мусульман з Пірэнейскага паўвострава.
Тысячы праціўнікаў Зэмура і яго поглядаў прайшлі па Парыжы з дэманстрацыямі.
Каліце ў сіліконавую руку
У Італіі адзін чалавек вельмі хацеў "зялёны пропуск", але вельмі не хацеў прышчапляцца ад каранавіруса. На прышчэпку ён прыйшоў з сіліконавым пратэзам рукі, спадзеючыся, што медсястра не заўважыць падробкі і ўколе вакцыну ў "падстаўную" руку.
Медсястра ўсё заўважыла. Карацей, дэпартамент аховы здароўя горада падаў скаргу ў мясцовую пракуратуру.
У Кітаі ўсё трошкі па-іншаму
Улады кітайскага горада Харбін абяцаюць прыкладна 1,5 тысячы долараў кожнаму, чый добраахвотны тэст на каранавірус дасць станоўчы вынік. Так людзей матывуюць часцей здаваць тэст на каранавірус.
Адчулі сімптомы? Не займайцеся самалячэннем. Прыйдзіце да лекара, а заадно раскажыце, з кім вы кантактавалі.
За суткі ў горадзе захварэла сем чалавек. Толькі ўзнагароджанне ніхто не атрымае: іх усіх вылічылі, правяраючы кантакты іншых з ліку тых, хто заразіўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.