Іх норавы: омікрон, антываксеры, урокі Белага дома і пекла на зямлі
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Мы пачалі забываць пра Афганістан і сталі радзей гаварыць пра каранавірус. Нагадаем усе важныя тэмы сусветнага парадку дня і давядзём, што свет мае для нас і добрыя навіны таксама.
"Омікрон" занадта хуткі
СААЗ кажа, што новы варыянт каранавіруса омікрон распаўсюджваецца па свеце беспрэцэдэнтнымі тэмпамі. Яго сустрэлі ўжо ў 77 краінах.
Кіраўнік СААЗ Тэдрас Адханам Гебрэесус мяркуе, што многія заразіліся штамам яшчэ раней, проста выяўляць яго пачалі толькі цяпер.
Арганізацыя прызнала, што гэты тып віруса недаацанілі. Хоць ён і выклікае менш цяжкія формы захворвання, але распаўсюджваецца так хутка, што гэта можа зноў стварыць празмерную нагрузку на сістэмы аховы здароўя. Да таго ж омікрон менш баіцца вакцын і пры ім магчымыя паўторныя заражэнні COVID-19.
Адным словам, расслабляцца рана — працягвайце выконваць меры засцярогі.
Чым небяспечны кавід-скепсіс
Прэм'ер-міністр зямлі Саксонія Міхаэль Крэчмэр спярша быў супраць жорсткіх абмежавальных мер у сувязі з пандэміяй. Але потым аказалася, што ў Саксоніі самы высокі ўзровень захваральнасці ў Германіі. Прэм'ер змяніў свае погляды: папрасіў прабачэння за тое, што называў пандэмію "істэрыяй", і выказаўся ў падтрымку строгіх абмежавальных мер.
Але так, як Крэчмэр, павялі сябе далёка не ўсе антываксеры. У закрытым чаце ў тэлеграме на Крэчмэра пачалі рыхтаваць замах. Наколькі рэальныя былі планы антываксераў — невядома, але паліцыя вырашыла ўмяшацца да таго, як у прэм'ера з'явіцца магчымасць гэта праверыць.
Магчымы замах удалося раскрыць дзякуючы журналістам, якія ўкараніліся ў групу прыкладна са ста чалавек і ўдзельнічалі ў перапісках у чаце.
Цяпер ультраправых актывістаў падазраюць у планаванні нападу на Крэчмэра і іншых чыноўнікаў з выкарыстаннем арбалетаў і "іншай колючай зброі".
Пекла на зямлі
ААН устрывожаная: у арганізацыю працягваюць паступаць паведамленні пра тое, што ў Афганістане адбываюцца пазасудовыя пакаранні смерцю.
"У перыяд са жніўня да лістапада мы атрымалі верагодныя паведамленні пра больш чым сто забойстваў былых супрацоўнікаў афганскіх нацыянальных сіл бяспекі і іншых асоб, звязаных з былым урадам, прычым прынамсі 72 з гэтых забойстваў прыпісваюцца талібам", — сказаў прадстаўнік арганізацыі.
"Талібан" адкідае абвінавачанні і кажа, што таму няма доказаў.
На словах талібы абвясцілі ўсеагульную амністыю з 15 жніўня. І настойваюць, што з тых часоў ніхто не пацярпеў, а прадстаўнікі ўрада, які адышоў з прыходам "Талібана", спакойна жывуць у краіне.
"Ніхто ім не прычыняе шкоды", — сказаў прадстаўнік талібаў. І дадаў, што людзей "забіваюць толькі тады, калі яны знаходзяцца ў адкрытым сутыкненні з Ісламскім Эміратам".
А яшчэ ў краіне распаўсюджваецца жахлівы голад. Каранавірус, засуха, якая знішчыла значную частку пасеваў, а потым яшчэ і прыход "Талібана" — усё гэта фактычна знішчыла эканоміку краіны. Яшчэ ў лістападзе ААН заклікала сусветных лідараў зрабіць захады, каб спыніць катастрофу.
Пад катастрофай маецца на ўвазе, што з голадам могуць сутыкнуцца 23 млн чалавек.
"Гэта будзе пекла на зямлі", — максімальна зразумела выказаліся ў арганізацыі.
Сабаку з "цёплага прыпынку" знайшлі дом
Гэта было ў расійскім Сургуце. Мясцовыя жыхары заўважылі ну вельмі мілага сабаку на "цёплым прыпынку". Ён быў вельмі дружалюбны, ні на кога не брахаў, а толькі качаўся сабе цэлымі днямі на лавачцы.
Па правілах супрацоўнікі ЖКГ павінны былі яго з прыпынку выгнаць — але рука не паднялася. Мясцовыя жыхары прыносілі сабаку пачастункі, пакуль нарэшце ён не стаў зоркай сацсетак і не знайшоў пастаянны дом.
Сабаку з "цёплага прыпынку" забяруць на ПМЖ у Маскву. Пакуль што будучая ўладальніца ўладжвае апошнія нюансы — і зусім хутка можна будзе пераязджаць. Карацей, мілая мордачка і добры нораў да Масквы давядуць.
Святы ў пандэмію
А Белы дом вучыць нас, як сустрэць святы ў разгар каранавіруснай пандэміі. Па-першае, паставіць ялінку. Мы ўжо паказвалі вам дэкор Белага дома ў гэтым сезоне, але калі ён дадасць вам настрою, не паскупімся і пакажам яшчэ раз.
Па-другое, скараціць колькасць вечарынак. Белы дом так і зробіць. А вось дні адчыненых дзвярэй там адмяняць не стануць, так што амерыканцы змогуць асабіста паглядзець, як добра новай адміністрацыі ўдаўся святочны дэкор.
Але трапіць на дні адчыненых дзвярэй можна будзе толькі па запрашэннях. Калі госць не вакцынаваны, яму давядзецца здаць тэст на COVID. На экскурсію — 30 хвілін.
"Кожны, хто ведае Байдэнаў, ведае, як ім падабаецца праводзіць і адзначаць святы. Сумна, што мы не можам прыняць столькі людзей, колькі хацелі б Байдэны", — кажа прэс-сакратар першай лэдзі.
І дадае: прэзідэнт па-ранейшаму ставіць бяспеку і ахову ад COVID вышэй за ўсё. Бо пандэмія не скончылася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.