Іх норавы: паўстанне штучнага інтэлекту і "Адзін дома" супраць COVID

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Што агульнага ў каранавіруса і фільма "Адзін дома"? Не, гаворка не пра ізаляцыю. Універсітэт Джона Хопкінса вырашыў матываваць прышчапляцца, перайначыўшы эпізод з фільма.

Гэтыя пераднавагоднія і іншыя будзённыя навіны — у рэгулярным аглядзе.
 

Капсула часу

Пасля забойства Джорджа Флойда ў амерыканскім штаце Вірджынія пачаліся пратэсты супраць помніка генералу канфедэрацыі Роберту Лі. Помнік у выніку знеслі, а пад ім выявілі капсулу часу.

Яе заклалі ў падмурак помніка ў 1887 годзе. У меднай скрыні знайшлі кнігі — сярод іх Біблію, газеты, купюры і манеты, кулю, цыркуль і навугольнік, а яшчэ справаздачы гандлёвай палаты штата.

Спецыялісты думалі, што ў капсуле яны знойдуць "суп" — у сэнсе, меркавалася, што аб'екты дрэнна захаваліся. Але ў капсуле аказаўся "не суп", так што гісторыкі задаволеныя.

Чаму знеслі статую?

Генерал Лі — неадназначная асоба для ЗША. Адны ўзводзяць яму помнікі і лічаць сімвалам паўднёвага гонару, іншыя лічаць яго напамінам пра гісторыю расізму і прыгнёту ў Амерыцы.
 

Без памяці

У Расіі ліквідавалі "Мемарыял", піша Руская служба ВВС. У арганізацыі дзве юрасобы — абедзве закрылі. Учора, 28 снежня, Вярхоўны суд пастанавіў ліквідаваць "Міжнародны Мемарыял", а сёння Масгарсуд закрыў аднайменны праваабарончы цэнтр.

Фармальна "Мемарыял" не выконваў патрабаванні, што прад'яўляюцца ў Расіі да іншаагентаў. Не кожная яго публікацыя была адзначана адпаведным тэкстам-папярэджаннем. На судзе, зрэшты, пракуроры абвінавачвалі таварыства і ў тым, што яно стварае хлуслівы вобраз СССР.

"Чаму замест гонару за краіну, якая вызваліла свет ад фашызму, нам прапануюць каяцца за сваё, як выявілася, беспрасветнае мінулае? Таму што за гэта хтосьці плаціць, — цытуе пракурора ВВС. — Арганізацыя, якая прэтэндуе на званне сумлення нацыі, чамусьці не хоча ў кожнай сваёй публікацыі нагадваць, кім яны праплачаныя".

Заадно абвінавацілі і ў супрацоўніцтве з "ОВД-инфо", які, маўляў, падтрымлівае ўсе пратэсты ў краіне.

Кіраўнік "Мемарыяла" Аляксандр Чаркасаў падзякаваў пракурору за шчырасць:

"Я дзякую прадстаўнікам пракуратуры за тое, што яны выказалі свае сапраўдныя матывы прэтэнзій да нас. Гэта не маркіроўка нашых матэрыялаў, маркіроўка — толькі падстава".

Чаркасаў настойваў: праца праваабарончага "Мемарыяла" карысная для краіны.

"Палітычныя рэпрэсіі — гэта не толькі дрэнна само па сабе. Гэта не самы эфектыўны спосаб кіравання краінай, гэта небяспечна для самой дзяржавы. Вы, паважаныя пракуроры, спрабуеце разбіць чырвоную лямпачку, якая мігае і папярэджвае, што ёсць небяспека, а не вырашыць саму праблему".
 

Штучны інтэлект паўстаў

Галасавыя памочнікі больш не могуць нас трываць. Дзесяцігадовая дзяўчынка спытала ў галасавога асістэнта ад Amazon, убудаванага ў калонку, які чэлендж ёй выканаць.

Алекса — імя памочніка — параіла ўставіць у разетку зарадную прыладу і прыкласці манету да адкрытых кантактаў. Не ўдакладніўшы, што так можна страціць руку, атрымаць сур'ёзны ўдар токам ці ўвогуле справакаваць пажар у доме.

Твіт мамы дзяўчынкі ў сацсетках

Amazon ужо даў справаздачу журналістам ВВС, што асістэнта навучылі не даваць такія рэкамендацыі. Але хто ведае, што яшчэ Алекса знойдзе ў інтэрнэце.
 

Слова года

Праект Медыялогія назваў топ слоў, якія часцей за ўсё выкарыстоўвалі ў сацсетках сёлета. І ў спаборніцтве за званне "Слова года ў сацсетках" упэўнена перамагаюць вакцыны. Вакцыны або вакцынацыя сустракаюцца больш чым у 63 млн паведамленняў.

Пра біткойны пісалі значна радзей — усяго ў 19 млн паведамленняў. Прыкладна такі самы вынік у слова "пандэмія".

Цяпер вы не здзівіцеся, калі мы скажам, што ў топ-10 увайшлі і іншыя каранасловы: кампанент, імунітэт, "Спадарожнік", QR-код і каранцін.

Перыяд даследавання: 1 студзеня — 23 снежня 2021 года.
 

Тыя самыя і каранавірус

І яшчэ крыху пра каранавірус — але цяпер толькі добрае. Універсітэт Джона Хопкінса на прыкладзе фільма "Адзін дома" паказаў, як працуе вакцынацыя. Слоган гэтага кароткага відэа — "Гэта маё цела, я павінен яго абараняць".

"Адзін дома" і пандэмія — што з гэтага выйшла

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі