Іх норавы: Сабчак вымагала інтэрв'ю ў Хаванскага, у Расіі мёртвы дэпутат

Сабчак і Хаванскі на фоне кітайскага сцяга / Еўрарадыё
Сабчак і Хаванскі на фоне кітайскага сцяга / Еўрарадыё

Пакуль Беларусь абмяркоўвае інтэрв'ю прадстаўніка каманды Бабарыкі і расшчапляе тэзісы аб перамовах з рэжымам, у свеце адбываецца шмат цікавага. Еўрарадыё публікуе традыцыйны агляд сусветных навін пра жыццё ў суседніх краінах, пра тэхналогіі і трохі пра тое, як Кітай любіць цэнзураваць інтэрнэт.


Парашэнка падазраюць у дзяржаўнай здрадзе

Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны выслала апавяшчэнне былому прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку аб тым, што яго падазраюць у дзяржаўнай здрадзе, садзейнічанні тэрарыстычным арганізацыям і фінансаванні тэрарызму. Пра гэта піша "Інтэрфакс-Украіна", спасылаючыся на інфармаваную крыніцу.

З-за таго, што Парашэнка знаходзіцца не ва Украіне, яму выслалі апавяшчэнне па пошце на працу, па месцы рэгістрацыі і па месцы жыхарства. У Дзяржаўным бюро расследаванняў заявілі, што Парашэнка "падазраецца ў тым, што ён, дзейнічаючы па папярэдняй змове групай асоб, у прыватнасці, з ліку прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва РФ, спрыяў дзейнасці тэрарыстычных арганізацый "ЛНР" і "ДНР".

Сам Парашэнка кажа, што гэта ўсё "фальшыўка, сфабрыкаваная ў Польшчы", "класічны ўзор сфабрыкаваных, палітычна матываваных спраў і чорнага піяру супраць палітычных апанентаў".
 

Расійскі дэпутат, якога западозрылі ў незаконным паляванні, знойдзены мёртвым

Цела дэпутата Магаданскай гарадской думы Аляксандра Крамарэнкі знайшлі ва ўласным офісе. "Што менавіта адбылося, трэба будзе разабрацца следству. Быў огнестрел... Цяпер праводзіцца праверка", — распавялі "РИА Новости" крыніцы ў праваахоўных органах.

Раней Крамарэнку западозрылі ў незаконным паляванні. Спачатку ў СМІ і сацсетках стала распаўсюджвацца фота, на якім паляўнічы пазіраваў на фоне надпісу "Чукотка 2021", выкладзенай тушкамі мёртвых гусей. Потым "Адзіная Расія" прыпыніла сяброўства Крамарэнка у партыі, а ў рэшце рэшт СК РФ распачаў крымінальную справу.
 

Сабчак вымагала інтэрв'ю ў Хаванскага

Блогер Хаванскі распавёў, што ягоныя сябры звярнуліся да тэлевядучай Ксеніі Сабчак з просьбай асвятліць сітуацыю з ходам следства. У адказ Сабчак выставіла свае ўмовы.

У лісце, які апублікавала актывістка Марыя Матузная, сказана, што Сабчак дала згоду на асвятленне ягонай сітуацыі пры адной умове — пасля выхаду з-за кратаў блогер дасць ёй эксклюзіўнае інтэрв'ю.

"Я з такіх патрабаванняў ачмурэў і сказаў, што інтэрв'ю каштуе са мной 2 млн рублёў, але раз яна так хоча дапамагчы, то ёй я скіну да 1 млн рублёў. У любым выпадку, вымагаць нешта ў чалавека ў маёй сітуацыі ў абмен на дапамогу я лічу недапушчальным", — напісаў у лісце Хаванскі.

Нагадаем, падставай для распачынання справы аб апраўданні тэрарызму супраць Хаванскага стала выкананая ім песня пра тэракт на Дуброўцы ў 2002 годзе з нецэнзурнымі выразамі ў адносінах да дзяцей-ахвяраў тэракту. Блогер ўжо 7 месяцаў знаходзіцца ў СІЗА.
 

Sony робіць яшчэ лепш камеры

Здаецца, што хутка з-за спробаў пабудаваць мэта-сусветы і аблічбаваць навакольны свет, камеры дэвайсаў будуць лепш, чым чалавечы зрок. 

Сёння Sony прадставіла шматслаёвую тэхналогію кампаноўкі датчыкаў CMOS. Кажучы простымі словамі, у адрозненне ад традыцыйных сэнсараў, дзе фотадыёды і піксельныя транзістары размяшчаюцца на адной падкладцы, іжынеры ўпершыню падзялілі гэтыя кампаненты па розных пластах. 

Атрымалася, што зараз узровень насычэння кожнага пікселя і дынамічны дыяпазон павялічаны ў два разы. А гэта важныя паказчыкі пры стварэнні лічбавага малюнка. Калі яшчэ прасцей казаць — цяпер камеры будуць здымаць лепш, і амаль добра ва ўмовах нізкага асвятлення і ў начны час. 
 

Amazon падпарадкаваўся кітайскім уладам і выдаліў ацэнкі пра кнігу

На кітайскай версіі сайта Amazon адключылі рэйтынг, а таксама выдалілі каментары і агляды на кнігу Сі Цзіньпіна "Аб дзяржаўным кіраванні". 

Па словах крыніц, знаёмых з сітуацыяй, прычынай выдалення рэйтынгу і каментароў да кнігі сталі нізкія ацэнкі тавару. Гэтая пастанова была частка шырокай кампаніі, каб Amazon працягнула свой бізнэс у самай населенай краіне свету, дзе яе прылады і хмарныя сэрвісы карысталіся папулярнасцю, піша Reuters.

Прадстаўнік Amazon распавёў Bloomberg, што кампанія "выконвае ўсе неабходныя законы і правілы, дзе б яны не працавалі, Кітай таксама не з'яўляецца выключэннем". Выданне адзначае, што водгукаў і ацэнак няма толькі на кітайскай версіі сайта, а на агульнасусветнай версіі яны ёсць. Там кніга атрымала 74% водгукаў з пяццю зоркамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі