Іх норавы: серыял, які пакрыўдзіў Украіну, "зялёныя" самалёты і 444 ялінкі
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Новы год толькі пачаўся, а ў нас для вас ужо мноства гісторый і адзін сусветны рэкорд. Пра этнічныя стэрэатыпы, размову Байдэна з Зяленскім і чатырыста ялінак у адным доме чытайце ў рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
Новы год на тэлефоне
Незадоўга да бою курантаў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пагаварыў з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. А неўзабаве пасля бою курантаў Байдэн стэлефанаваўся з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім.
Расказваем галоўнае. Абодва прэзідэнты падтрымалі дыпламатычныя намаганні ў дыялогу з Расіяй. Байдэн запэўніў Зяленскага, што ледзь што — ЗША і хаўруснікі адкажуць на эскалацыю на ўкраінскай мяжы. А яшчэ амерыканскі прэзідэнт падтрымаў меры па дээскалацыі напружанасці на Данбасе.
Сам жа Зяленскі расказаў, што абмяркоўваў з Байдэнам дзеянні ЗША і Украіны па захаванні міру ў Еўропе, а яшчэ рэформы і барацьбу з алігархамі.
Міністр культуры Украіны паскардзіўся ў Netflix
І было на што. Серыял "Эмілі ў Парыжы", другі сезон якога нядаўна выйшаў на стрымінгавым сэрвісе, моцна пакрыўдзіў украінцаў.
Адна з другарадных гераінь серыяла — украінка — намаляваная не ў самым лепшым выглядзе. Яна жыве ў Францыі, дрэнна ведае і англійскую, і французскую мовы, баіцца дэпартацыі і радая ўкрасці рэч з крамы. Вобраз гэтай гераіні кіраўнік украінскага Міністэрства культуры Аляксандр Ткачэнка назваў недапушчальным і абразлівым.
Зрэшты, ёсць і тыя, хто заступіўся за серыял. Украінская кінапрадзюсарка Наталка Якімовіч сказала так:
"Значыць, у серыяле адмоўнымі персанажамі могуць быць усе, акрамя ўкраінцаў? Відавочна, мы ўсе хацелі б, каб яна была з Масквы, але вы не заўсёды можаце атрымаць тое, што хочаце".
Гэты серыял, зрэшты, не ўпершыню сутыкаецца з крытыкай за наяўнасць этнічных стэрэатыпаў. Пасля першага сезона на яго крыўдзіліся за тыражаванне забабонаў пра Францыю і парыжан. Зрэшты, калі стэрэатыпы пра парыжан пададзеныя з лёгкай іроніяй, то вобраз Украінкі, на наш погляд, на самай справе выйшаў абразлівым.
Ну ці мы проста схільныя мацней крыўдзіцца за ўкраінцаў.
Наогул жа серыял здымалі ў разгар пандэміі, і многія глядзелі яго, каб трохі адцягнуць увагу на яркі Парыж і ўборы герояў ад цёмных будняў.
Данія хоча зрабіць самалёты"зялёнымі"
Урад Даніі да 2030 года хоча пазбавіцца ад выкапнёвага паліва на ўнутраных рэйсах. Гэта абяцанне — частка навагодняга звароту прэм'ер-міністра Мэтэ Фрэдэрыксэн. Яна заявіла, што хоча "зрабіць палёт зялёным".
Зрэшты, яна прызнала, што рашэнні для дасягнення гэтай амбіцыйнай мэты яшчэ не знойдзеныя. Прэм'ер прызнала, што дамагчыся экалагічных унутраных рэйсаў будзе складана, але спецыялісты шукаюць спосабы.
Тэарэтычна яны на самай справе ёсць. Еўрапейскі вытворца Airbus абвясціў пра планы распрацаваць самалёты на вадародным паліве, якія могуць быць уведзеныя ў эксплуатацыю да 2035 года.
Швецыя таксама абвясціла пра планы адмовіцца ад выкапнёвага паліва на ўнутраных рэйсах да 2030 года.
А Францыя збіраецца проста забараніць унутраныя рэйсы, калі тое самае падарожжа можна прарабіць на цягніку менш чым за дзве з паловай гадзіны.
Ці прастаяць гэтыя ялінкі да сакавіка
Сямейная пара з Германіі ўсталявала сусветны рэкорд: яны паставілі дома 444 ялінкі, піша Reuters. На ўпрыгожванне гэтых ялінак пайшло 10 тысяч навагодніх цацак і 300 гірляндаў.
Гэта не першы сусветны рэкорд гэтай сям'і. Летась яны ўпрыгожылі і размясцілі ў доме 420 ялінак — і таксама атрымалі пальму першынства. Або ў гэтым выпадку лепш сказаць — ялінку?
Паглядзець, як гэта выглядае, можна тут.
German couple Thomas and Susanne Jeromin set a new world record for the most Christmas trees in one place. They set up 444 Christmas trees in their home, complete with 10,000 baubles and 300 strings of fairy lights pic.twitter.com/TRMIyiFqPP
— Reuters (@Reuters) December 10, 2021
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.