Іх норавы: Віні для ўсіх, пазоў супраць "Нірваны" і прыстаўка за ежу
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Беларускае выдавецтва "Янушкевіч" чакае, калі скончацца аўтарскія правы на "Уладара пярсцёнкаў", каб спакойна яго перакласці і выдаць на беларускай мове. Дамовіцца з праваўладальнікамі не атрымалася. Пакуль Андрэй Янушкевіч чакае, калі зможа назваць Більба Baggins'а — Торбінсам, ён можа выдаць Віні Пуха.
Віні ўжо тры дні як грамадскі набытак. Гэтую і іншыя гісторыі чытайце ў рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
Безгаловыя манекены
Талібы загадалі прадаўцам "сцяць галовы" манекенам. Прычына — Міністэрства заганы і цноты палічыла, што манекены могуць быць успрынятыя як ідалы. У ісламе ідалы недапушчальныя.
Так што спачатку там проста загадалі пазбавіцца ад манекенаў, але прадаўцы папярэдзілі — гэта пацягне сур'ёзныя фінансавыя страты. Талібы злітаваліся і дазволілі проста адсячы манекенам галовы.
Віні Пух цяпер агульны
З 1 студзеня 2022 года "Дысней" больш не валодае выключнымі правамі на вобраз Віні Пуха з першай кнігі Алана Мілна. З моманту стварэння Віні прайшло 95 гадоў, так што цяпер ён не ўласнасць "Дыснея" , а грамадскі набытак.
Гэта, вядома, не датычыцца жоўтага Віні Пуха ў чырвонай маечцы, якога намаляваў сам "Дысней" і ўсё яшчэ валодае ім непадзельна.
Віні Пух — адзін з самых прыбытковых актываў кампаніі. За гады ён прынёс больш за 80 млрд долараў! І кожны год "Дысней" працягваў зарабляць на гэтым персанажу 3–6 млрд. Больш прыбытковы толькі Мікі Маўс. Ён стане грамадскім набыткам праз два гады.
Пазоў супраць"Нірваны"
Калі Спэнсэр Элдэн быў маленькі, ён трапіў на вокладку альбома Nirvana. Цяпер яму трыццаць, і ён судзіцца з удзельнікамі гурта і патрабуе кампенсацыі ад іх і ад Кортні Лаў, жонкі Курта Кабэйна. З кожнага — 150 тысяч долараў. Прычына: ён лічыць, што здымак на вокладцы — ну гэта проста дзіцячае порна нейкае!
Часопіс Variety, які пераказвае гэтую гісторыю, піша: несексуальныя выявы дзяцей не лічацца дзіцячай парнаграфіяй, нават калі дзеці на іх аголеныя. А адвакат Элдэна кажа, што доларавая купюра на вокладцы побач з дзіцем усё мяняе. Маўляў, малое выглядае як "секс-работнік".
Карацей, суд аказаўся не згодны са Спэнсэрам. Той, вядома, можа абскардзіць гэтае рашэнне.
Што такое жорсткі каранцін
Людзі, здаецца, гатовыя мяняць прыстаўку Nintendo на пакет локшыны хуткага прыгатавання і дзве булачкі ў дадатак. Так піша ВВС, аналізуючы відэа з кітайскіх сацсетак. Гэта прадуктовы крызіс, з якім сутыкнуліся некаторыя жыхары праз лакдаўн.
У горадзе Сіянь людзі могуць выходзіць па прадукты раз на два дні — яны павінны выбраць кагосьці аднаго з сям'і, хто можа гэта зрабіць. Улады горада абяцалі дапамагчы бясплатнай ежай, але ў сацсетках скардзяцца, што яшчэ не ўсе яе атрымалі.
На відэа і фатаграфіях у кітайскай сацыяльнай сетцы відаць, як людзі мяняюць цыгарэты на капусту, вадкасць для мыцця посуду — на яблыкі.
Горад знаходзіцца ў эпіцэнтры новай успышкі каранавіруса. Зразумела, такія рашучыя захады мясцовых уладаў не шмат каму спадабаліся. Зрэшты, хтосьці спазнаў і кранальную дабрыню суседзяў: не ўсе перайшлі да бартару, хтосьці проста бясплатна дзяліўся ежай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.