Іх норавы: халодная вайна, беспрацоўны Джоні Дэп і акіян на месцы Пакістана

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У гэтым аглядзе сусветных навін: два нетрывіяльныя спосабы знайсці працу, адзін напамін пра глабальнае пацяпленне і лішні доказ таго, што халодная вайна пачалася. Калі стаміліся ад ваенных зводак — вам сюды.
 

Новая касмічная гонка

НАСА рыхтуецца запусціць у космас новую ракету-носьбіт, якая стане асновай для касмічнага апарата, што верне чалавека на Месяц. Пуск быў прызначаны на сёння, паназіраць за стрымам з касмадрома сабралася пара сотняў тысяч гледачоў. Але ракета не ўзляцела праз праблему з рухавіком. Давялося адкласці.

Их нравы: холодная война, безработный Джонни Депп и океан на месте Пакистана
Месяц / pixabay

Гэты запуск — падрыхтоўка да больш сур'ёзных этапаў месяцовай праграмы. НАСА плануе высадзіць на Месяцы першую жанчыну і першага каляровага чалавека, каб паказаць, што космас адкрыты для ўсіх, расказвае ВВС.

Літаральна год таму пра пачатак уласнай месяцовай праграмы заявіла і Расія. Высадзіць экіпаж з трох чалавек на Месяцы расіяне плануюць у 2031 годзе — праз 62 гады пасля таго, як гэта ўпершыню зрабілі амерыканцы (так, калі вы не ў курсе, яны некалькі разоў ляталі да Месяца).

Калі вам здавалася, што атмасфера халоднай вайны ў свеце сёлета была адноўлена недастаткова поўна — атрымайце новы этап гонкі ЗША і РФ. Цяпер і ў космасе!
 

Выбары ў Бразіліі

Калі вам спадабаліся дэбаты кандыдатаў на пасаду брытанскага прэм'ера і вы шукалі, што б падобнае паглядзець, — падключайцеся да дэбатаў кандыдатаў у прэзідэнты Бразіліі. Дзейны бразільскі лідар Жаір Балсанару счапіўся там са сваім папярэднікам Лула да Сільва.

Балсанару абвінаваціў экс-прэзідэнта ў тым, што той узначальваў самы карумпаваны ўрад у гісторыі. Але, на думку да Сільва, віна яго апанента яшчэ большая: ён наогул "разбурыў Бразілію".

Жаір Балсанару — той самы "трапічны Трамп", праціўнік прышчэпак і левых поглядаў і абаронца права на нашэнне зброі. А праўленне да Сільва і праўда запомнілася вялікай колькасцю карупцыйных скандалаў. Але не толькі імі: менавіта пры Лула да Сільва зарабілі сацыяльныя праграмы, якія дапамаглі скараціць катастрафічны разрыў паміж багатым і бедным насельніцтвам Бразіліі.

Уласныя цікавыя перадвыбарныя дэбаты нам пакуль не свецяць, застаецца глядзець, як людзі жывуць.
 

Паводка ў Пакістане

Мы сталі забываць пра глабальнае пацяпленне. У Пакістане таксама хацелі б пра яго забыць, але не выходзіць. Краіна перажывае магутную паводку, і да канца сезона дажджоў пад ваду можа сысці траціна тэрыторыі краіны, у якой жыве больш за 200 мільёнаў чалавек, піша CNN.

Вы памыляецеся, калі думаеце, што там "кожны год нешта такое адбываецца". Упершыню ў гісторыі для барацьбы з паводкай давялося разгарнуць ваенна-марскі флот. Таму што частка краіны ўжо цяпер нагадвае "невялікі акіян", кажа пакістанскі міністр па пытаннях змены клімату Шэры Рэхман.

BBC называе лічбы загінулых: іх ужо больш за тысячу. А сотні тысяч вымушаныя былі пакінуць свае дамы. Пакістан звярнуўся з просьбай дапамагчы да дружалюбных краін.
 

Джоні Дэп шукае працу

Джоні Дэп выходзіць у свет — упершыню пасля заканчэння гучнага разводу. Дакладней, не сам Дэп, а яго галаграма. І гэтая галаграма ў разгар MTV Video Music Awards папрасіла працу.

Их нравы: холодная война, безработный Джонни Депп и океан на месте Пакистана
"Зорка" Джоні Дэпа

"Мне патрэбна праца Я проста хачу, каб вы, хлопцы, ведалі, што я гатовы весці дні нараджэння, бар-міцвы, вяселлі, памінкі і ўсё, што вам трэба", — сказала галаграма Джоні Дэпа.

Пакуль доўжыўся працэс супраць Эмбер Хёрт, Дэпа паспелі "закэнселіць". Але суд вырашыў апраўдаць актора, і значыць, ён зноў можа разлічваць на прапановы. Але... толькі не ў Беларусі. Тут, каб правесці дзень нараджэння, бар-міцву або вяселле, давядзецца зарэгістравацца ў рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў.

Дарэчы, Кіяну Рыўз ходзіць па вяселлях бясплатна. Daily Mail піша, што нядаўна ён прыняў запрашэнне ад двух незнаёмцаў, якія адзначалі заключэнне шлюбу ў тым жа гатэлі, у якім спыніўся актор. Яны запрасілі "містара Андэрсэна" на вяселле — і ён прыйшоў.
 

Для маладых спецыялістаў у роспачы

Але Джоні Дэп яшчэ не страціў надзею так моцна, як каманда крэатыўшчыкаў з Бельгіі. Хлопцы кажуць, што спецыялістам-пачаткоўцам неймаверна складана прыцягнуць увагу крэатыўных дырэктараў кампаній. Таму яны праніклі ў прыбіральні офісаў топавых агенцтваў і пакінулі там свае рэзюмэ, піша часопіс "Правила жизни".

На туалетнай паперы яны напісалі зварот да топ-менеджараў і прыклалі QR-код са спасылкай на партфоліа: "Паважаныя крэатыўныя дырэктары! Мы ведаем, што ў вас няма часу на тое, каб аддаваць увагу крэатыўшчыкам-пачаткоўцам. Тым не менш мы змаглі падзяліць з вамі гэты асаблівы момант. Мы заўсёды знаходзім рашэнні", — гаворыцца ў звароце.

Каб быць у курсе сусветных навін — кожны тыдзень чытайце нашы агляды на Еўрарадыё ці слухайце нас на саўндклаўд. А калі вам не стае добрых навін — заўсёды дачытвайце нас да канца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі