Ініцыятары "Народнага рэферэндума" ў лістападзе могуць пачаць збор подпісаў

Як паведаміў Еўрарадыё старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, спіс складаўся па выніках паездак па краіне і размоваў з людзьмі.



Янукевіч: "Зараз мы больш працуем з экспертамі: палітолагамі, сацыёлагамі, спецыялістамі ў галіне грамадскіх сувязяў. Яны зараз робяць ацэнку гэтых 10 пытанняў, у фармулёўках, якія мы прапанавалі... На падставе меркавання людзей, экспертаў, я думаю, цягам 2-3 тыдняў мы прымем рашэнне адносна 5 пытанняў з канчатковымі фармулёўкамі. З разлікамі на тое, каб ужо ў лістападзе распачаць збор подпісаў".



Янукевіч кажа, што, паводле плана ініцыятараў кампаніі, адразу не будуць збірацца 500 тысяч подпісаў. На першым этапе яны збяруць толькі 50 тысяч. Іх накіруюць у Палату прадстаўнікоў з прапановай ініцыяваць рэферэндум. Калі дэпутаты "не пажадаюць лічыцца з меркаваннем 50 тысяч людзей", тады працягнецца збор подпісаў — яшчэ 450 тысяч, кажа Аляксей Янукевіч.



Нагадаем, у кампаніі "Народны рэферэндум" удзельнічаюць Партыя БНФ, Рух "За Свабоду", грамадзянская ініцыятыва "Гавары праўду", Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу. Таксама гатовыя супрацоўнічаць з кампаніяй больш за 40 рэгіянальных грамадскіх арганізацый.


Базавыя пытанні "Народнага рэферэндуму":



1. Ці згодныя вы з тым, што ў выпадку, калі дзяржава не можа даць неабходнае бясплатнае лячэнне грамадзяніну да 18 гадоў, яна павінна аплаціць такое лячэнне ў любым іншым месцы, дзе яго правядуць?



2. Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканаўчай улады ўсіх узроўні павінны абірацца прамым тайным галасаваннем і мець паўнамоцтвы па фарміраванні і распараджэнні бюджэтам гэтай тэрытарыяльнай адзінкі?



3. Ці згодныя вы, што ўрад Беларусі павінен зрабіць усё неабходнае, каб падпісаць пагадненне з ЕС аб зоне свабоднага гандлю?



4. Ці згодныя вы, што неабходна ўнесці ў Выбарчы кодэкс палажэнне аб тым, што асоба, якая займала пасаду прэзідэнта два тэрміны, не можа быць зарэгістраваная кандыдатам у прэзідэнты?



5. Ці згодныя вы, што ўрад павінен прыняць неабходныя меры для стварэння адмысловых ільготных умоў вядзення бізнесу для беларусаў, у тым ліку прыняць закон аб малым і сярэднім бізнесе?



6. Ці згодныя вы, што неабходна заканадаўча замацаваць, што расходы як на адукацыю, так і на ахову здароўя не могуць быць меншымі за 8% ад ВУП?



7. Ці згодныя вы, што ў Беларусі не павінна быць замежных ваенных баз?



8. Ці згодныя вы, што ўсе праграмы і інстытуты, якія фінансуюцца бюджэтнымі грашыма, павінны даваць дэталёвую і публічную справаздачу пра даходы і расходы, акрамя выпадкаў, якія ахоўваюцца заканадаўствам пра ваенную і дзяржаўную тайну?



9. Ці згодныя вы, што рашэнні, якія карэнным чынам уплываюць на лёс і будучыню краіны ці асобнага рэгіёну (у тым ліку кітайскі парк і АЭС, ваенныя базы), павінны прымацца праз правядзенне рэферэндуму адпаведнага ўзроўню?



10. Ці згодныя вы ўнесці змяненні ў Выбарчы кодэкс, каб кандыдаты на выбарах любога ўзроўню мелі права накіроўваць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі рознага ўзроўню адпаведных акруг з правам вырашальнага голасу.
 

Фота — bymedia.net



 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі