Ініцыятыўную групу "сур'ёзнага беларуса" Віталя Зялкоўскага не зарэгістравалі

Віталь Зялкоўскі / фота з асабістай старонкі
Віталь Зялкоўскі / фота з асабістай старонкі

Ініцыятыўнай групе "сур'ёзнага беларуса" Віталя Зялкоўскага адмоўлена ў рэгістрацыі на выбарах прэзідэнта Беларусі. Гэта агучылі падчас пасяджэння ЦВК 15 мая.

Было агучана некалькі прычын для адмовы. Па-першае, Зялкоўскі даслаў заяву аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы па электроннай пошце, а беларускім выбарчым заканадаўствам гэта не прадугледжана. Таксама сябры ЦВК распавялі, што ў якасці кіраўніка ініцыятыўнай групы і каардынатара "сур'ёзны беларус" пазначыў толькі сябе. Яго ініцыятыўная група складалася з аднаго чалавека — яго самога — бо ён не хацеў падвяргаць іншых людзей небяспецы.

"Няма доказаў рэальнага жадання ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі", — каментуе Лідзія Ярмошына.

Віталь Зялкоўскі — інжынер-дызайнер, вядомы як "сур'ёзны турыст". Яму 40 гадоў. Вядомасць да яго прыйшла ў 2013 годзе: яго фота на фоне сусветных славутасцяў сталі мемам, бо беларус паўсюль фатаграфаваўся з каменным тварам.

Пазней ён уступіў у Ліберальна-дэмакратычную партыю, але неўзабаве пакінуў яе шэрагі, і цяпер беспартыйны. У канцы 2019 года Зялкоўскі заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі