Іншыя краіны адмовіліся далучацца да пазову Літвы ў МКС па Лукашэнку — Латушка

Павел Латушка / тг-канал Латушкі
Прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за злачынствы, якія ён здзейсніў і працягвае здзяйсняць, цяпер магчыма толькі ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда (МКС). Пра гэта на слуханнях Каардынацыйнай рады 23 студзеня заявіў намеснік старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання (НАУ) Павел Латушка. Іншых механізмаў на сёння ён не бачыць.
Магчымае расследаванне ў рамках універсальнай юрысдыкцыі выключае магчымасць прыцягнення да адказнасці людзей, якія валодаюць асабістым імунітэтам, як Лукашэнка. Альтэрнатывай, на думку Латушкі, магло б стаць стварэнне спецыяльнага міжнароднага трыбунала па Беларусі. Але гэты варыянт ён назваў немагчымым "у святле існуючых геапалітычных бар'ераў і недахопу палітычнай волі".
МКС ён назваў абсалютным прыярытэтам для дэмсілаў і патлумачыў тым, што тэрор Лукашэнкі "выйшаў далёка за межы Беларусі". Латушка патлумачыў, што гаворка ідзе пра "злачынствы супраць чалавечнасці ў форме дэпартацыі і пераслед па палітычных матывах". Паводле яго гэтыя злачынствы былі ўчыненыя на тэрыторыі як мінімум 30 краін — удзельніц Рымскага статута МКС.
З ініцыятывы НАУ 30 верасня 2024 года Літва падала ў МКС дакументы па беларускай сітуацыі, там пачалі папярэдняе расследаванне сітуацыі. Але іншыя краіны не далучыліся да пазову Літвы, у тым ліку "шэраг ключавых партнёраў", паведаміў Латушка. Ён дадаў, што "сярод атрыманых каментароў няма ніводнага прававога, гэта значыць юрыдычных падстаў для адмовы ў прыняцці такіх рашэнняў няма".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.