Інстытут гісторыі не патрэбны Акадэміі навук

У хуткім часе ў Нацыянальнай Акадэміі Навук можа знікнуць Інстытут гісторыі.
Паводле неафіцыйных звестак, некалькі інстытутаў НАН Беларусі будуць аб’яднаныя пад эгідай Гуманітарнага цэнтра.

З гэтай прычыны на аснове атэстацыйных звестак чакаецца скарачэнне штату Інстытута гісторыі, у выніку чаго 40% супрацоўнікаў будуць звольнены са сваіх пасад. Распавядае кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Яўген Анішчанка:


Яўген Анішчанка: “Гэтыя чуткі да спраўджання… Магчыма, ліквідуецца гістарычны інстытут. І, відаць, будуць на базе інстытута (а можа, і не на базе інстытута) аб’ядноўваць яго з іншымі гуманітарнымі інстытутамі, напрыклад, сацыялогіі, філасофіі ды іншымі. Будуць быццам рабіць нейкі цэнтр.


Звольняць фармальна ці аўтаматычна палову супрацоўнікаў. Гэтая сістэма існуе сама па сабе, асобна ад грамадства. Яна знішчае тое, што супраціўляецца, што мае самастойнасць, незалежнасць.


Набяруць людзей, якія не проста будуць стаяць на чатырох лапах, а будуць проста поўзаць. Поўнае рабалепства, насаджэнне поўнага рабалепства ў навуцы. Фактычна яно і ў савецкія часы было, але ж зараз цалкам”.


Але ж ціск на беларускіх гісторыкаў распачаўся куды раней. З 1994 году разам з прыходам новай улады з’явілася і новае тлумачэнне беларускай гісторыі, паводле якога наша гісторыя нібыта распачынаецца з узнікненнем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.


А да гэтага часу беларусы, маўляў, увесь час знаходзіліся пад прыгнётам то літоўскім, то польскім… Зразумела, што гісторыкі, якія трымаюцца іншага пункту гледжання, з’яўляюцца непатрэбнымі, нават небяспечнымі.


Сённяшяе кіраўніцтва Інстытута гісторыі ужо даволі актыўна вядзе барацьбу з такімі даследчыкамі. Распавядае Яўген Анішчанка:


Яўген Анішчанка: “Раней дырэктара выбіраў калектыў. Гэта рабілася галосна і адкрыта. А гэта ўжо другі, які назначаны зверху, спушчаны з вертыкалі. І фактычна ён ужо звольніў, так скажам, па самадурным сваім уласным прынцыпе таго ж Сагановіча за тое, што ён проста спазніўся на два дні.


Звольніў таксама ні за што Канановіча, які быў на грантах у Парыжу, таксама спазніўся і паведаміў адтуль, але на гэта не паглядзелі. Звольніў Андрэя Кіштымава: на яго напісалі, што ён з той плеяды даследчыкаў, якія кляймяць усё савецкае, і гэтым скарысталіся як падставай для звальнення”.


На думку кандыдата гістарычных навук Міколы Крывальцэвіча, з’яўленне новага Гуманітарнага цэнтра і знішчэнне Інстытута гісторыі не пойдзе на карысць. Многоія навуковыя галіны, якія ёсць у Акадэміі навук, нават не прадстаўленыя ў ВНУ. Таму такія змены могуць прывесці да знікнення шэрагу з іх.


Мікола Крывальцэвіч: “Як можа існаваць грамадства без навукі? Прычым, як можа існаваць грамадства без гуманітарных навук кшталту этнаграфіі, мовазнаўства, літаратуразнаўства, археалогіі, гісторыі… Яно не можа існаваць паўнавартасна.


Што адбудзецца ў выніку гэтых рэарганізацый? Я ўпэўнены, што гэта не прывядзе да паляпшэння стану гуманітарных навук у Акадэміі навук Беларусі. Гэта не будзе спрыяць росту і развіццю патэнцыялу нашай навукі”.


У прэс-службе НАН нам так і не далі дакладнага адказу на пытанне, ці сапраўды чакаецца ліквідацыя Інстытута гісторыі, спасылаючыся на тое, што пакуль ніякіх афіцыйных загадаў не паступала:


“Як адзін з варыянтаў гэта разглядаецца. Але пакуль не прынята канчатковага рашэння, і мы не можам ні аб чым казаць. Як вы разумеце, планаў у развіцці можа быць шмат. Зараз ніякіх дакументаў не падпісана. Ніякіх канкрэтных рашэнняў, замацаваных у пісьмовым выглядзе, няма”.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі