Іржавыя люкі на Рэвалюцыйнай — часовыя. Сапраўдныя іржавыя люкі будуць пазней
На вуліцах Камсамольскай і Рэвалюцыйнай у цэнтры Мінска заменяць каля 40 крышак люкаў, якія праржавелі і не трымаюцца на сваіх месцах. Гэтыя крышкі люкаў, якія выклікаюць абурэнне мінчукоў — часовыя. Будаўнікі банальна пераблыталі іх з асноўнымі.
Пра гэта Еўрарадыё распавялі на ліцейным прадпрыемстве “Тэрмет”, якое вырабіла і паставіла крышкі люкаў для абноўленых вуліц:
“Ёсць два тыпу люкаў: сярэднія і цяжкія, з рознымі дыяметрамі. Іх пераблыталі, і паклалі не тыя. Гэта часовыя крышкі, — кажа дырэктар “Тэрмета” Сяргей Якубоўскі. — Тыя, якія патрабуюцца, пакуль вырабляюцца”.
У рамонт вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай укладзена больш за 2,3 млн рублёў з бюджэту. Гэта, мякка кажучы, шмат. Таму мінчане вельмі здзівіліся, калі ўбачылі, што некаторыя люкі не закрываюцца! Іх крышкі апынуліся не таго памеру.
Глядзіце: адна з іх проста хістаецца пад нагамі! Гэта не тое каб добра, асабліва калі ўлічыць, што вуліцу перарабілі пад пешаходную:
Тот случай, когда @minskgovby хочет как можно скорее избавиться от минчан и гостей города. pic.twitter.com/wKXx4YLGWG
— Anton Motolko (@Motolko) 7 июля 2018 г.
Да таго ж, шмат якія крышкі люкаў паржавелі пасля першага ж дажджу.
“Калі метал (чыгун) не пафарбаваць, дык ён заржавее. Заказчык [“Мінская спадчына”. — Еўрарадыё] у нас афарбоўку не запрасіў”, — тлумачыць Сяргей Якубоўскі.
Па яго словах, на замену люкаў спатрэбіцца 2-3 тыдні. Іх будуць замяняць па чарзе. То бок, сітуацыі, калі ў цэнтры Мінска на пешаходных вуліцах з’явіцца адразу 40 адкрытых люкаў, не будзе.