J:морс адзначыць выхад альбома "Таемным канцэртам"
J:морс сыграюць "Таемны канцэрт", прымеркаваны да выхаду новага альбома гурта "Воздух", рэліз якога запланаваны на 4 лістапада.
"Гэты альбом, першы за пяць гадоў, даўся няпроста, гэта вельмі важны момант для гурта, — прызнаецца Уладзімір Пугач. — Мы маем шмат планаў наперадзе, у тым ліку вялікую прэзентацыю ў лютым. Але цяпер ёсць жаданне адсвяткаваць выхад дыска ў коле сяброў і найбольш актыўных слухачоў у якой-небудзь невялічкай зале, дзе гледачы знаходзяцца на адлегласці выцягнутай рукі. Проста падзяліцца сваім настроем і сказаць усім дзякуй".
10 лістапада каманда на чале з Уладзімірам Пугачам збіраецца сабраць 100 самых адданых прыхільнікаў. Атрымаць запрашальнік на выступ "Морсаў" можна двума спосабамі: па-першае, яго можна выйграць у эфіры радыё Unistar з 2 да 10 лістапада. Па-другое, атрымаць разам з першымі 50-цю экземплярамі альбома, які паступіць у продаж 5 лістапада. Пра месца правядзення канцэрта яго наведвальнікі даведаюцца раніцай у дзень мерапрыемства.
Канцэртная прэзентацыя альбома "Воздух" для шырокай публікі адбудзецца 13 лютага 2016 года ў сталічным Prime Hall.
Фота Андрэй Краўчанка