"Каб гэтага не паўтарылася": хрэсны ход у Мінску ў памяць пра трагедыю на Нямізе
У 20-ю гадавіну трагедыі на Нямізе 30 траўня ў Мінску адбыліся жалобныя мерапрыемствы, звязаныя з гэтай датай.
У Свята-Духавым кафедральным саборы прайшло набажэнства па загінулых на Нямізе ў 1999 годзе. Потым ад царквы да месца трагедыі прайшоў хрэсны ход.
У каментары Еўрарадыё маці адной з загінулых дзяўчат Наталля Навакоўская патлумачыла: "Мы прыйшлі сюды, каб гэтага не паўтарылася. Цяпер моладзь такая хуткая, такая рухомая. Каб такога больш не здарылася, мы прыйшлі ўспомніць і нагадаць усім, што была такая трагедыя".
Пасля гібелі дачкі Наталля ўзначаліла грамадскае аб'яднанне "Няміга 99". У яго ўвайшлі сваякі ахвяр трагедыі.
"У мінулыя гады ніхто не ўспамінаў, да 10-й гадавіны ніхто не ўспамінаў, і ўсе забыліся, усе бацькі забыліся пра гэтую падзею, нават па тэлевізары нічога не сказалі. Мы прыходзім сюды, успамінаем, аддаем даніну памяці нашым дзецям і ўсім маладзёнам, якія загінулі, хто быў паранены і застаўся інвалідам", — кажа Навакоўская.
На пытанне, ці дастаткова робіцца ў Беларусі для ўшанавання памяці ахвяр трагедыі на Нямізе, Навакоўская адзначыла: "Вядома, не. Напрыклад, на 10-годдзе трагедыі мы звярнуліся, каб адрамантавалі надмагільныя збудаванні на могілках. А да 20-й гадавіны мы прасілі, каб на Чыжоўскіх могілках прыўзнялі памятны знак, дзе пахаваныя 11 ахвяраў, які ўжо падсеў і патрабуе аднаўлення. Паставіць яго на валуны, напрыклад. Мы памром — і ніхто не будзе памятаць, а помнік — гэта ўсё ж такі помнік".