Каб падаць дакументы ў ЦВК, фельчар з Гомеля ўцякала ад "групы захопу" праз акно
Каб падаць дакументы ў ЦВК на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па сваім вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты, фельчар з Гомеля, маці траіх дзяцей Алена Давыдава ўцякала ад "групы захопу" праз акно. Пра гэтую дзіўную гісторыю паведамляе Радыё Свабода.
Давыдава — адна з "кандыдатаў пратэсту", кіраўніком яе ініцыятыўнай групы пазначаны Мікалай Статкевіч. Увечары 13 траўня ў Гомелі яе спрабавалі затрымаць медыкі — нібыта жанчыне трэба тэрмінова здаць тэст на каранавірус і самаізалявацца. Фельчар уцякла з дому праз акно, а сябры дапамаглі ёй дабрацца да сталіцы. Усё гэта было недарэмна — на сайце ЦВК ёсць інфармацыя пра рэгістрацыю групы Алены Давыдавай.
Падрабязнасці прыгод жонкі распавёў яе муж Канстанцін. Давыдава працуе фельчарам на "хуткай". Відаць, было вядома, што яна збіраецца падаваць дакументы ў ЦВК і змену з суботы перанеслі менавіта на чацвер — каб супрацоўніца не змагла паехаць у Мінск. Больш таго, а 17-й гадзіне дахаты прыехалі медыкі ў засцерагальных касцюмах. Яны заявілі, што Алена Давыдава — "кантакт". І гэта пры тым, што нікога з падазрэннем на каранавірус падчас змены фельчар не перавозіла. Паколькі Давыдава не выходзіла, медыкі пачалі пагражаць міліцыяй. Тады яна і ўцякла.
14 траўня на сайце ЦВК з'явілася адразу 11 чалавек-"кандыдатаў пратэсту", ініцыятыўныя групы якіх зарэгістравалі. Ва ўсіх іх групамі кіруе Статкевіч. Агулам ужо зарэгістравана 30 груп. Дакументы падаў і дзейны кіраўнік дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.