Як паведамляе тэлеграм-канал Пул Першага, падчас сённяшняй сустрэчы быў згаданы выпадак са смерцю ў Віцебску акцёра Віктара Дашкевіча (мяркуецца, што ён памёр ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19).
Па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Наталля Качанава заявіла, што ў рэгіёне "сітуацыя абсалютна кіруемая". "Лекары працуюць, разумеюць, што трэба рабіць, — цытуе яе словы sb.by. — На распараджэнне прэзідэнта туды выехаў міністр аховы здароўя [Уладзімір Каранік], каб разабрацца, чаму людзі пішуць...".
Качанава шмат гаварыла пра "фэйкавыя ўкіды" ў інтэрнэце наконт сітуацыі на Віцебшчыне, у тым ліку пра яе закрыццё. "Гэта абсалютна не адпавядае сапраўднасці", — заявіла старшыня Савета Рэспублікі.
Наталля Качанава сцвярджае, што ў Віцебскай вобласці яна сустракалася з лекарамі і яны ёй казалі: "Абавязкова павінны працаваць прадпрыемствы!". "Эпідэмія пройдзе, а з чым застанецца краіна? — гаворыць Качанава. — У нас няма такой сітуацыі, каб закрываць прадпрыемствы".
Паводле афіцыйнай інфармацыі, на ўчорашні дзень у Беларусі было зафіксавана 152 выпадкі заражэння каранавірусам. Ці будзе ў аўторак абноўленая інфармацыя Міністэрства аховы здароўя, невядома.