Качанава: у Беларусі ёсць праблема з п'янствам і алкагалізмам
У Беларусі ёсць праблема з п'янствам і алкагалізмам, а таксама са злачынствамі, якія здзяйсняюцца "на гэтым фоне", заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
"Мы ў Савеце Рэспублікі займаемся гэтымі пытаннямі рэгулярна, — цытуе яе словы прэс-служба СР. — ...У кожнай краіне ёсць праблемы, звязаныя з алкагалізмам і наркаманіяй. Напэўна, трэба прымаць больш сур'ёзныя меры па адносінах да тых асоб, якія злоўжываюць і не даюць спакойна жыць сваім сем'ям, так і грамадству ў цэлым".
Яшчэ адна праблема, якая хвалюе Наталлю Качанаву, гэта накіраванне асоб, якія пакутуюць ад алкагалізму, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Яе яна называе сур'ёзнай.
"Для таго, каб адправіць чалавека ў лячэбна-працоўны прафілакторый неабходна рашэнне суда, — гаварыла старшыня Савета Рэспублікі. — Таму гэтае пытанне варта разгледзець грунтоўна. Сёння ў нас у краіне ёсць 8 такіх устаноў. Але падыход павінен быць комплексным. Адна справа — адправіць туды чалавека, але ён павінен там працаваць! Мы павінны разумець, што дзяржава марнуе грошы на ўтрыманне людзей, якія знаходзяцца там, і на выхадзе павінен быць вынік. Ёсць такі вынік?".
Прэс-служба СР не ўдакладняе, ці атрымала Наталля Качанава адказ ад удзельнікаў нарады. У аўторак у яе збіраліся члены працоўнай групы "па ўдасканаленні прававога рэгулявання дачыненняў у сферы прафілактыкі правапарушэнняў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.