Калі мы пачнём эканоміць энергію – у нас не будзе дэфіцыту
Эколаг Таццяна Новікава пракаментавала Еўрарадыё перспектывы пабудовы АЭС пад Астраўцом.
Еўрарадыё: На вашу думку, Беларусь засвоіла урокі Чарнобыля пры падыходзе да праекту пабудовы Астравецкай АЭС?
Тацяна Новікава: Большасць людзей, якія прыйшлі на Чарнобыльскі шлях, якія ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве, ды і многія людзі, якія жывуць у Беларусі, безумоўна, памятаюць урокі Чарнобыля. Звычайныя людзі пра Чарнобыль не забываюць. Я не магу сказаць, што яны гавораць і думаюць пра гэта штодня, але калі б спыталі пра іх меркаванне – будаваць ці не будаваць АЭС, яны б адказалі, што АЭС будаваць нельга. Свае словы я магу пацвердзіць тым, што ў 2010 годзе ток-шоў “Выбар” праводзіла апытанне, было больш за 13 тысяч рэспандэнтаў, 87 адсоткаў з іх выказалі недавер да атамнай энергетыкі. Гэта было яшчэ да Фукусімы. Я думаю, што жыхары Беларусі гэтыя ўрокі Чарнобыля засвоілі і не сталі б будаваць АЭС у Беларусі, калі б у іх пра гэта спыталі. Але справа ў тым, што іх меркавання ніхто не пытаецца ў дадзеным выпадку. Ды і не толькі іх, але і меркавання іншых краін. Нядаўна кіраўніцтва нашай краіны заявіла, што, маўляў, гэта наша краіна, што хочам, тое і будзем будаваць, і ў суседзяў не пытаемся. Так што, калі гаварыць пра кіраўніцтва краіны – яно гэтыя ўрокі не засвоіла. Я не разумею, па якой прычыне. Бо сёння не проста ўрокі, а наступствы Чарнобыля такія, што трэба прымаць меры па абароне насельніцтва, па яго лячэнні.
Еўрарадыё: Прэзідэнт федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў Чарльз Фергюсан лічыць, што у сучасным свеце аварыі на АЭС не непазбежныя. Галоўная праблема – не ў тэхніцы, а ў установах, якія займаюцца будаваннем. Як у гэтым кантэксце можна паставіцца да пабудовы АЭС у Беларусі?
Тацяна Новікава: Вы верыце ў тое, што тэхніка – субстанцыя ізаляваная ад грамадства і ад людзей? Мне падаецца, што гэта ўсё цынічны падман. Мы ўсе цудоўна ведаем, што тое, што будуецца ў Беларусі – будуецца сіламі беларусаў і расіян. Ніхто апроч расійскіх спецыялістаў не працаваў на Чарнобыльскай АЭС. Расійскія спецыялісты завалілі саркафаг на Ленінградскай АЭС, якая будуецца. Калі нам кажуць пра саркафаг – пасіўную сістэму абароны, найбольш бяспечную і самую дасканалую, калі рэкламуюць гэты саркафаг як абсалютна новы сродак абароны ад аварый. І раптам гэты саркафаг завальваецца, падае падчас будаўніцтва. Значыць, нас падманулі. Там унутры металічныя стрыжні, якія павінны трымаць гэты бетонны каўпак. Калі гэтая канструкцыя абрынулася – трэба яе цалкам разабраць і паставіць новую. Вось вам адзін з прыкладаў сучаснага будаўніцтва.
Еўрарадыё: Есць меркаванне, што экалагічных і бяспечных відаў энергіі не хапае, каб забяспечыць патрэбы чалавецтва. Што ў такім выпадку можа быць замест атама?
Тацяна Новікава: А сёння ў нас што замест атама? Калі краіна мае дэфіцыт энергіі, як было ў Еўропе падчас газавага і нафтавага крызісу, яна пачынае гэтую энергію эканоміць. У нашай краіне я не бачу аніякіх тэндэнцый і аніякіх крокаў да гэтага на працягу апошніх гадоў. Апошнія гады мы робім усё, каб паказаць, што энергіі ў нас вельмі шмат. І мы не збіраемся нават яе эканоміць, не тое, што гаварыць пра альтэрнатыўныя крыніцы. Нельга гаварыць пра тое, што, паколькі энергія ўжо створаная, то цяпер абавязкова трэба яе выкарыстаць – гэта няпраўда. Бо сучасныя энергамагутнасці павінны дазваляць змяняць сутачны цыкл спажывання, максімальна падладжвацца пад спажыўца, разузбуйняцца. Любая сучасная энергетыка гэта дазваляе. Пакуль што гаварыць пра тое, што ў Беларусі эканомяць энергію, не даводзіцца. Напрыклад, у нас будуецца шмат неэнергаэфектыўнага жылля. Дамы будуюцца пераважна па старых савецкіх праектах, фасады ў іх не ўцепленыя, а проста пафарбаваныя. Гэта жалезабетон, які аддае цяпло – а гэта энерганосьбіты, гэта той жа газ, тая ж нафта, якія практычна сыходзяць на вуліцу. У прамысловым сектары таксама не прымяняецца новых энергаэфектыўных тэхналогій. Калі мы зараз пачнём эканоміць энергію – мы ўбачым, што ў нас няма дэфіцыту. Калі мы занепакоеныя праблемай у цэлым – мы павінны выкарыстоўваць узнаўляльныя крыніцы энергіі, як зараз робіць Германія. У Германіі зараз каля 20 адсоткаў энергіі – з узнаўляльных крыніц.