Калі нацыянальная футбольная зборная вернецца ў Мінск з райцэнтра

Як мінімум тры гады нацыянальнай зборнай па футболе у сталіцы не будзе. Толькі ў 2017 годзе, паводле Указу прэзідэнта №220, павінны здаць лёгкаатлетычны стадыён “Дынама”, дзе дазволяць гуляць і футбалістам.

Але пакуль самая важная арэна ў суверэннай гісторыі Беларусі стаіць шэрай руінай у цэнтры сталіцы.

Падчас падрыхтоўкі сюжэта даведваемся, што замест дырэктара Алега Курчэўскага на пасаду прыйшоў новы чалавек ― Віктар Філатаў. Начальнік называе сябе “выканаўцам” і на першае ж наша пытанне прапаноўвае пісаць запыт у прэс-службу Мінгарвыканкама.

З 2012 года беларускі бок раз за разам адмаўляўся то ад венгерскага, то ад нямецкага дызайн-праектаў. У апошнім выпадку праводзілі конкурс, і першым тром пераможцам сплачвалі дзясяткі тысяч еўра прызавых. Грошы пайшлі ў малако. У выніку пастанавілі, што справай зоймецца прадпрыемства “Мінскпраект” і прапануе новую канцэпцыю.

Чатыры месяцы таму на “Дынама” закрылі гістарычны рэчавы рынак, стадыён абгарадзілі. Але мурашамі рабочыя па “Дынама” не перамяшчаюцца. Зрэдку чуецца гук інструмента, каля галоўных уваходаў ляжаць кучы з пяском і стаяць будаўнічыя спецмашыны, дзесьці ўжо абнаўляюць камунікацыі.

Сёння на стадыёне адбываюцца мерапрыемствы па дэмантажы канструкцый, ― кажа Сяргей Фурманаў, начальнік упраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама, які таксама нядаўна заняў сваю пасаду. ― Па тэрмінах — усё як належыць. Гэта 2017 год. У нас ёсць працоўны план, і мы дзейнічаем паводле яго”.

Як паведаміла галоўны інжынер праекта рэканструкцыі “Дынама”Лізавета Магава, выгляд стадыёна застанецца такім жа, як планавалася напрыканцы 2013-га года. Праўда, тады тэрмін здачы “Дынама” акрэслівалі канцом 2016 года.

Паралельна ў сталіцы павінны збудаваць Нацыянальны футбольны стадыён, побач з “Трактарам”. На пачатку года Еўрарадыё прадэманстравала ілюстрацыі таго, як павінна выглядаць арэна. З тае пары нямецкі дызайн-праект ужо замянілі нямецка-галандскім.

А паводле указа прэзідэнта, тэрмінам здачы называюць канец 2018 года. Праўда, дата гэтая ў многіх, відаць, выклікае ўсмешку. Калі варушыцца будуць, як з “Дынама”, то нармальнага футбольнага стадыёна ў Мінску давядзецца чакаць да Алімпіяды-2020 у Токіо. А сігналаў, што справа пойдзе лаўчэй, пакуль няма. У кампаніі “Трайпл”, якая мае непасрэднае дачыненне да будаўніцтва, Еўрарадыё паведамілі, што не заключаная яшчэ нават дамова на праектаванне стадыёна.

Іван Басалай, кіраўнік таварыства “Дынама-Арэна”, якое з’яўляецца заказчыкам будаўніцтва і праектавання, запэўнівае, што па тэрмінах стадыён юудзе збудаваны “паводле указа прэзідэнта, які пакуль ніхто не мяняў”.

Два гады таму тагачасны дырэктар “Дынама” Юрый Крывадубскі шчыра прызнаўся, што адно пасадачнае месца на больш-менш прыстойным стадыёне каштуе 3000 еўра з лішкам. Ужо заяўлялася, што Нацыянальны футбольны стадыён абыдзецца прыкладна ў 125 мільёнаў еўра (як правіла, заяўленая лічба павялічваецца ледзьве не ў разы). Прыкладны кошт рэканструкцыі “Дынама” складзе каля 150 мільёнаў еўра. І сума гэтая будзе сплачвацца з кішэняў падаткаплацельшчыкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі