Каля КДБ ушаноўвалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій
Увечары 29 кастрычніка каля будынка Камітэта дзяржаўнай бяспекі ў Мінску адбываецца акцыя памяці. Правесці яе прапанаваў "Малады фронт" (зарэгістраваны ў Чэхіі).
Дата для акцыі была выбраная не выпадкова. Менавіта 29 кастрычніка 1937 году былі расстраляныя 132 прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Гэта літаратары Алесь Дудар, Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Валерый Маракоў, Васіль Сташэўскі, Тодар Кляшторны, Янка Нёманскі, а таксама дзясяткі пісьменнікаў, навукоўцаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі і службоўцаў. 29 кастрычніка многія даследчыкі называюць "чорным днём" для беларускай інтэлігенцыі.
Першыя свечкі на прыступках КДБ з'явіліся а 19-й гадзіне, перадае Радыё "Свабода". Ушанаваць памяць расстраляных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі прыйшлі грамадская актывістка Вольга Мікалайчык, экс-палітвязень Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч ды іншыя. Удзельнікаў каля 13 чалавек, на чатырох з іх (у тым ліку на Статкевіча) складаюць адміністратыўныя пратаколы.